Рэліквіі святой Тэрэзы з французскага горада Лізьё прыбылі ў Беларусь

2 июня 2013

Першы святыню сустрэў Мінскі архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а ўжо заўтра рэліквіі распачнуць сваё падарожжа па прыходах Мінска-Магілёўскай епархіі.


Сведкам выключнай для ўсіх каталікоў Беларусі падзеі стала і Аксана Шыдлоўская. Рэліквіі, якія дагэтуль пабывалі ў 76 краінах свету, нарэшце, трапілі і ў галоўны каталіцкі храм Беларусі. Свяшчэннікі, вернікі і манахіні разам з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам сустракалі святыню з вялікім хваляваннем. Схіліць галаву, памаліцца і атрымаць бласлаўленне ад сваёй апякункі для кожнага - выключная падзея.
Каб з неба на вернікаў падаў дождж з ружаў, спатрэбілася каля тысячы кветак. Стракатыя пялёсткі - гэта знак асаблівай павагі і пашаны святой Тэрэзы. Яе выява на абразах заўсёды з крыжам у руках і менавіта з ружамі. Тым самым святая паказвае, які ён - шлях да Бога. Святая Тэрэза належыла да жаночага ордэна кармелітаў, пражыла ўсяго 24 гады і ўвесь свой духоўны вопыт занатавала ў дзённіку. Гісторыя адной душы стала прыкладам самаахвярнага служэння Богу для ўсіх каталікоў свету.
айцец Cяргей Трысцень, настаяцель прыхода касцёла Божага Цела ў Мінску: Святая Тэрэза пакінула глыбокую духоўную спадчыну для кожнага з нас, яна не памерла пакутнай смерцю, не напісала тэалагічных твораў, але праз сваё штодзённае жыццё паказала дарогу да Бога, якой можа прайсці кожны.
Рэлікварый, у якім знаходзяцца мошчы, некалі ахвяравалі вернікі Бразіліі. Змешчаны ён на драўляным фундаменце і важыць ажно 132 кілаграмы. Менавіта ў такім выглядзе рэліквіі і падарожнічаюць па ўсім свеце. Падчас урачыстай святой імшы вернікі змаглі схіліць галаву, памаліцца і звярнуцца з просьбамі аб бласлаўленні да святой Тэрэзы з Лізьё. Дарэчы, менавіта яе ў 1997 годзе Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў доктарам касцёла. На працягу трох летніх месяцаў будзе адбывацца падарожжа рэліквій святой Тэрэзы па ўсіх каталіцкіх епархіях Беларусі. Такім чынам, вернікі 115 прыходаў змогуць пакланіцца святыні.