Рэкордныя рэйтынгі і тысячы фанатаў па той бок экрана

12 февраля 2015

Чарговым фіналістам народнага шоу "Я магу!" стаў малады жанглёр Ігар Чыпоўскі. У паўфінале ён паказаў эфектнае шоу. Магія шклянога шара пакарыла журы конкурсу. Сакрэты эксклюзіўнага нумара даведалася і наш карэспандэнт Таццяна Нікіціна.

Цяжка паверыць, што яшчэ 10 гадоў таму Ігар павінен быў жангліраваць лічбамі - у мінулым ён эканаміст. Але жыццё падрыхтавала яму сюрпрыз. Замест офіснай працы хлопец гастраляваў у складзе расійскай цыркавой трупы і зараз гатовы рабіць уласнае шоу. Прынамсі, галоўны нумар ужо ёсць.

Свой матэрыял Ігар знайшоў не адразу. Першы шкляны шар яму прадаў незнаёмец - мужчына проста ўбачыў хлопца, які жангліраваў мячамі на прыпынку. Рэквізіт прафесійны і не б'ецца, сцвярджае фіналіст праекта "Я магу!". Так што яго поспех у праекце залежыць толькі… ад яго самога.

За простымі рухамі тояцца працяглыя трэніроўкі па пяць-шэсць гадзін за дзень. І нават у падарожжы Ігар Чыпоўскі бярэ рэквізіт з сабой.

Перад выступленнем галоўнае - добра размяцца. Зараз Ігар больш часу надае танцу, прыдумляе новыя элементы для фінальнага шоу.

На падрыхтоўку да фіналу засталося ўсяго два месяцы. Ці зможа Ігар Чыпоўскі пакарыць журы і гледачоў, даведаемся ў красавіку. А пакуль можна сказаць, што шоу стала па-сапраўднаму народным. Падчас другога паўфіналу больш як 40 тысяч гледачоў наведалі старонку "Я магу!" у сацсетках. А самымі актыўнымі аказаліся прыхільнікі з Мінска, Гомеля і Бабруйска.