Конкурс "Новыя імёны Беларусі" прайшоў у Чэрвені

28 января 2016

Ад работнікаў аграпрамысловых комплексаў да камунальных прадпрыемстваў. "Новыя імёны Беларусі". Раённы этап Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу "Новыя імёны Беларусі" прайшоў у Чэрвені. Прадстаўнікі прафесійных калектываў дэманстравалі сваю творчасць у дзвюх намінацыях: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадставілі выцінанкамі, вышыўкай стужкамі і скрапбукінгам. А сцэнічнае майстэрства – народнымі жартоўнымі спевамі, песнямі з кінафільмаў і сучаснымі кампазіцыямі. Юлія Токар пазнаёмілася з канкурсантамі.

Чэрвеньскі цэнтр культуры і адпачынку на дзень ператварыўся ў адкрытую пляцоўку для творчасці. Тут прафсаюзныя калектывы ад работнікаў аграпрамысловых комплексаў да камунальных прадпрыемстваў прымаюць удзел у раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі». Спаборніцтва ладзіцца ўжо другі год запар. І ў адрозненне ад мінулага сезона сёлета пашырылі жанравую палітру намінацый.

На сцэне гучаць народныя жартоўныя спевы, песні з кінафільмаў і сучасныя кампазіцыі на рускай, беларускай, англійскай і нават французскай мовах.

Што тычыцца намінацыі «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», то тут канкурсанты здзіўлялі сваім імпэтам і фантазіяй: выцінанка, вышыўка стужкамі, скрапбукінг, дэкупаж – усё выключна ручная работа.

Саламяная экспазіцыя прадстаўлена разнастайнымі вырабамі: упрыгажэннямі, вазамі, шкатулкамі памерам ад 20 сантыметраў да метра. Самая складаная кампазіцыя – вось гэтая ваза з кветкамі. Тут выкарыстана адразу некалькі тэхнік пляцення – ад самай простай «зубаткі» да «дубочка».

Старшая медсястра Марына Якубоўская з самага дзяцінства любіла вышываць, маляваць, плесці бісерам. Рукадзельнае хобі не пакінула і зараз. Спецыяльна на конкурс яна стварыла тры аўтарскія лялькі.

Кульмінацыяй свята стала ўзнагароджанне трох пераможцаў у кожнай намінацыі. Наперадзе – абласны этап. А імёны пераможцаў рэспубліканскага конкурсу стануць вядомыя 1 мая.