Рарытэты з калекцыі літоўскага Тракайскага музея прыбылі ў Мінск

16 марта 2015

Ад англійскага касцюма да тытунёвай люлькі сучаснага дэндзі. Рарытэты з калекцыі літоўскага Тракайскага музея прыбылі ў Мінск. Размясцілі калекцыю ў зале літаратурнага музея Янкі Купалы. Артэфакты эпохі дэндзі ад майстроў з усёй Еўропы разглядала Юлія Лосікава.

Цёмны сурдут, цыліндр і абавязкова кій у руках. Менавіта так выглядалі героі раманаў Пушкіна і Джэйн Осцін. На выставе класічны мужчынскі гарнітур 19 стагоддзя дэманструецца ў адзіным экзэмпляры. Ён на працягу ўсёй эпохі дэндзізму прытрымліваўся адной лаканічнай формы. Асаблівую ўвагу звярнулі на дэталі.

Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: “На гэтай выставе прапанаваны каля 300 артэфактаў. Гэта мужчынскія аксесуары канца 18 пачатку 20 стагоддзя. Вядома, што гэта толькі невялічкая частка таго багацця, якое захоўваецца ў фондах Тракайскага музея”.

Цікавасць гэтых фондаў уяўляе калекцыя курыцельных люлек, якую музей у Тракаі набыў толькі летась. У Мінску выстаўляецца ўпершыню. З такімі моднымі рэчамі джентльмены не расставаліся, як і з гальштукам-бабачкай, цыгарай і кішэнным гадзіннікам. Увогуле франты 19 стагоддзя вызначаліся крайняй чуллівасцю да свайго знешняга вобліку.

Марыя Барткова, куратар выставы: “Дзень кожнага дэндзі пачынаўся, канешне, з навядзення лоску, і для гэтага існавала шмат розных прыладаў. Уключаючы і парфум вядомых фірм і, канешне, вусы дэндзі насіць мог, але бараду – ні ў якім выпадку”.

Эстэтыка дэндзі распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Законам гэтай моды падпарадкоўваліся і нашы суайчыннікі. Калекцыю Тракайскага музея ў Мінску разбавілі асабістымі рэчамі беларускага модніка.

Знакаміты беларускі паэт Янка Купала таксама франціў у модных англійскіх гарнітурах. Да нашых дзён яны, на жаль, не захаваліся, аднак прадстаўлены тут драўляны кій з сярэбранай ручкай гаворыць пра вернасць Купалы стылю дэндзі.

Акрамя гэтага экспануецца гадзіннік, срэбраны партсігар і люлька пісьменніка. Пасля дэманстрацыі мужчынскіх касцюмаў Тракайскі музей абяцае прывезці і жаночае адзенне гэтай эпохі.