"Рарытэт-вінтаж XX стагоддзя" - праект культурнай сталіцы - 2021

2 февраля 2021
Барысаўчане атрымаюць новы музей. Культурная сталіца - 2021 рыхтуецца афіцыйна запрасіць землякоў і гасцей на выставу пад назвай "Рарытэт-вінтаж XX стагоддзя". Калекцыя з соцень экспанатаў прадэманструе наведвальнікам асаблівасці побыту савецкага чалавека: мэблю, посуд, хатнюю тэхніку, прадметы для хобі. Для кагосьці гэта знаёмства будзе "настальжы", для кагосьці – першым знаёмствам з гістарычным мінулым. Наталля Бардзілоўская пабывала ў музеі незабыўнай мінуўшчыны.

Сам гэты голас – рэтра і класіка. Калісьці яго гучанне з вокнаў азначала: тут жывуць сучасныя і модныя людзі, якія сочаць за трэндамі. У 60-70-ых быць уладальнікам вінілавых пласцінак, таксама як і такога прайгравальніка, такіх вось радыёл – гэта значыла ісці ў нагу з часам. Людзі родам з СССР памятаюць: самае каштоўнае ў гэтых канструкцыях былі іголкі. Тады – дэфіцыт. А вось у цяперашняй музейнай калекцыі яны ў выдатным стане. Увогуле, экспазіцыю рарытэтаў савецкай эпохі складаюць рэчы, якія добра захаваліся і працуюць, нягледзячы на тое, што прайшлі дзесяцігоддзі.

Калекцыянер-аматар Юльян Аляшкевіч шмат чаго ахвяраваў музею

Легендарны гадзіннік "Перамога", які стопрацэнтна паказваў час, палявы бінокль, насценнае радыё і вялікая колькасць сотавых тэлефонаў - эвалюцыю так званай "мабільнай трубкі" можна прасачыць па дзясятках яго асабістых рэчаў - цяпер экспанатаў музея.

Больш для моладзі, для дзятвы складалі гэту экспазіцыю энтузіясты. Амаль у кожнай сям'і - неразуменне паміж пакаленнямі, калі гаворка ідзе пра захапленне гаджатамі. Бабулі і дзядулі, таты і мамы, людзі савецкай эпохі лічаць, што праводзіць працяглы час за камп'ютарамі, планшэтамі, тэлефонамі прыносіць шкоду як для фізічнага здароўя, так і для светапогляду пакалення next.

Музей яшчэ не паспеў афіцыйна адкрыцца, а моладзь ужо з цікавасцю разглядае начынне яго зал


Экспазіцыйная прастора даўно ў адкрытым доступе, размяшчаецца ў першай гарадской бібліятэцы, дзе любы чытач можа не толькі ўзяць або здаць кнігі, але і падняцца на другі паверх і пазнаёміцца з вінтажным зборам.

Музей рарытэтаў савецкай эпохі  інтэрактыўны. Радыёлы іграюць. Фільмаскопы паказваюць


Друкаваныя машынкі выдаюць тэкст. Да любой рэчы можна дакрануцца, пакруціць. Гонар музея - рэканструкцыя пакоя звычайнага савецкага чалавека. Яе назвалі "Сілуэты незабыўнага мінулага". І сапраўды, сучаснікам, чыё дзяцінства, маладосць, сталасць выпалі на эпоху СССР, знаёмыя і мілыя сэрцу гэтая сціплая мэбля, посуд, наборы значкоў і марак. І нават банькі, якімі лячылі прастуду ці бранхіт.

Адзін з самых кранальных экспанатаў – туш "Ленінградская"


Гэта мара і адначасова слёзы ўсіх савецкіх жанчын. Перад тым, як нанесці яе на вейкі, у гэту скрыначку трэба было добра папляваць, потым добра змачыць шчотачку і толькі потым ўжо пачынаць макіяж.

Гэта туш размазвалася, калі на яе трапляла вільгаць, але з якой асалодай сёння бярэш яе ў рукі, бо гэта касметыка юнацтва, а таму  самая дарагая! Музей "Рарытэт-вінтаж" - цёплы, атмасферны, ён  народны. Далучыцца да фарміравання калекцыі і наведаць экспазіцыю арганізатары запрашаюць усіх ахвочых!