Радзівілы: лёсы краіны і роду

15 февраля 2017

Экспазіцыя, што адкрылася ў Мінску, не толькі вяртае да гістарычнай памяці, але і сімвалізуе імкненне працягваць лепшыя традыцыі нацыянальнай спадчыны і нацыянальнай культуры. Тут экспануецца генеалогія магнацкага роду Радзівілаў у партрэтах і мануфактурных рарытэтах. Пра вялікую сумесную работу Нацыянальнага мастацкага музея і прыватнага калекцыянера матэрыял Наталлі Бардзілоўскай.

Ён часта наведвае Беларусь, асабліва Нясвіж - адну з найбуйнейшых рэзідэнцый Радзівілаў у часы Вялікага Княства Літоўскага. У сябе ж, у варшаўскім доме, фінансіст, мецэнат і калекцыянер Мацей Радзівіл любіць вітаць беларусаў: гісторыкаў і музейшчыкаў. Кансультаваў і дапамагаў у аднаўленні радавога палаца. Здымачная група Агенцтва тэленавін першай убачыла закрытую мастацкую калекцыю князя. Да сённяшняга дня збор партрэтаў яго вялікага роду (а гэта сотні карцін) не пакідаў Польшчу - вы бачыце эксклюзіўны вернісаж са шляхетных пакояў. І толькі невялічкая частка гэтай уласнай калекцыі зараз у Беларусі.

Сучасны Радзівіл дэманструе Мінску два дзясяткі імянных медалёў. Сярэбраныя ўзнагароды прысвечаныя розным подзвігам магнацкага роду. Два медалі шлюбныя, з выявамі мужа і жонкі на розных баках. У экспазіцыі гравюры з выявамі радзівілаўскіх маёнткаў па Еўропе. Адзіная акварэль у экспазіцыі - пэндзля Юліяна Фалата. Пейзажны імпрэсіяніст захаваў на вякі адну з любімых радзівілаўскіх забаў: паляванне на мядзведзя.

Большая частка калекцыі - спадчына Мацея Радзівіла. Але нашчадак магнацкага роду не пакідае вывучаць гісторыю ўласнай сям’і, і некаторыя з рарытэтаў знаходзіць за мяжой, набывае на аўкцыёнах.

З дзевяноста дзевяці прадэманстраваных арыгіналаў пяць пазначаныя як асабліва каштоўныя. Сам уладальнік Мацей Радзівіл атрымліваў спецыяльны дазвол ад Міністэрства культуры Польшчы на іх вываз са сваёй краіны на выставу ў Мінск. Адзін з такіх рэдкіх экспанатаў – вось гэты надмагільны партрэт Караля Станіслава Радзівіла: ён жыў на мяжы XVII-XVIII стагоддзяў і быў пахаваны ў Нясвіжы.

Гэты твор толькі трэці з 77-мі надмагільных партрэтаў-шыльдаў, што знаходзіліся ў нясвіжскай крыпце, але бясследна зніклі напачатку мінулага стагоддзя. Зрэшты, сярод экспанатаў і дакументы з нацыянальнага архіва. Яшчэ нядаўна былі пад грыфам «сакрэтна», цяпер яны распавядаюць пра лёс нясвіжскіх скарбаў пасля 1939 года.