У Мінску праходзіць выстава Аляксандра Ісачова

9 апреля 2018

У Мінску праходзіць выстава Аляксандра Ісачова - беларускага мастака без прафесійнай адукацыі. У разгар антырэлігійнай кампаніі ён звярнуўся да біблейскіх матываў. Яго няма ў жывых ужо больш за 30 гадоў, але за гэты час па ўсім свеце прайшло звыш ста выстаў Ісачова. У чым феномен майстра - распавядзе Алена Борматава.

Аўтапартрэт "Апалон" - загалоўная праца Ісачова ў экспазіцыі карціннай галерэі, якая носіць імя мастака. Была знішчана самім майстрам неўзабаве пасля напісання. Адноўлена ўжо ў 2000-х рэстаўратарам, мастаком і калекцыянерам Алегам Арловым.

Фрагменты дзвюх уласнаручна разламаных Ісачовым работ прадэманстраваны і на выставе ў Мінску. Звыш 30 гадоў яны захоўваліся ў сяброў мастака, а некалькі тыдняў таму папоўнілі прыватную калекцыю - самую буйную ў Беларусі. Яна фарміравалася па адной рабоце на працягу 13 гадоў.

Самы вялікі прыватны збор твораў Ісачова - у Пецярбургу. Калекцыя Міхайлава. Звыш ста твораў рэчыцкага жывапісца выстаўляліся ў галерэі на набярэжнай рэкі Мойкі. Але пасля смерці Міхайлава лёс калекцыі невядомы.

У Рэчыцы сёння захоўваецца 6 жывапісных работ мастака і 25 лістоў графікі. Гэта самы буйны дзяржаўны збор твораў Ісачова. Мастак, які не меў прафесійнай адукацыі, змог перавярнуць свет савецкага беларускага мастацтва. У канцы 70-х, калі аб адраджэнні духоўнага жыцця ніхто і не думаў, Ісачоў звяртаецца да іканапісу. Яго абразы - у Пакроўскім храме Рэчыцы.

Яго любілі гледачы і лаялі крытыкі. Ісачоў самастойна вывучаў гісторыю мастацтваў і тэорыю жывапісу. Працаваў у лісіравальнай тэхніцы - тонкія слаі алею накладваюцца адзін на адзін. Папярэдні абавязкова павінен высахнуць. Ісачоў накладваў да 17 слаёў. Таму так шмат незавершаных твораў мастака, у тым ліку і ў выставачных залах. Яго спадчына - 500 жывапісных работ і больш за 1000 лістоў графікі.

Адзіная прыжыццёвая выстава Ісачова прайшла ў Рэчыцы - горадзе, дзе ён жыў і працаваў. Яе наведалі больш за 20 тысяч чалавек - гэта траціна насельніцтва райцэнтра. Паглядзець на карціны людзі прыязджалі з розных месцаў Савецкага Саюза. Да таго часу Ісачоў даволі вядомы мастак. А праз некалькі дзён пасля закрыцця экспазіцыі майстра не стала. Ён памёр за мальбертам ва ўзросце 32 гадоў.

А ўсяго праз некалькі месяцаў пасля смерці выстава Ісачова прайшла ў ДК Белсаўпрафа - цяперашнім Доме прафсаюзаў. У экспазіцыі 32 работы. Ні афіш, ні рэкламы не было. Тым не менш выставу толькі па білетах наведалі звыш 220 тысяч чалавек. Людзі стаялі ў чэргах па 8 гадзін, часам так і не трапляючы ў выставачную залу да яе закрыцця. Рэкорд не пабіты і сёння.