Работнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сабраў адметную калекцыю старажытных артэфактаў

19 февраля 2016

Абразы 18-га стагоддзя, паштоўкі з фронту Першай сусветнай вайны і старажытныя ручнікі. Работнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Раковіч за 20 гадоў сабраў адметную калекцыю старажытных артэфактаў. У яго скарбніцы амаль 5 тысяч экспанатаў.

Толькі старабеларускіх ручнікоў з розных куткоў краіны амаль 200. Сам жа калекцыянер можа расказаць пра лёс кожнай старажытнай рэчы і з задавальненнем праводзіць экскурсіі. Дакрануўся да гісторыі сваіх продкаў і Ян Пашкевіч.

Вось таксама вельмі старыя рэчы – гэта яшчэ 17 стагоддзя люлька такая. І такіх «слядоў» мінулых эпох Вячаслаў Раковіч сабраў ужо амаль 5 тысяч. Старажытны славянскі кола-каляндар, салдацкі кубак часоў Першай сусветнай вайны і нават абразы 18 стагоддзя – археолаг-аматар папаўняе сваю адмысловую калекцыю ўжо больш за 20 гадоў.

Вячаслаў Раковіч, калекцыянер: «Дома ў нас пад дахам было такое мястэчка невялікае, і там заўсёды было нешта для мяне цікавае ў дзяцінстве. Я знайшоў там куфар і адчыніў. Там былі розныя грошы яшчэ царскага перыяду! Усяго на 25 такіх рублёў можна было купіць і карову, і свінню, і усю гаспадарку».

Вучоны-эколаг па прафесіі і археолаг па прызванні ў вольны час вандруе па аддаленых вёсках і мястэчках у пошуках новых «скарбаў». Сёння турысты і гісторыкі - нярэдкія госці ў яго хатнім музеі. Падчас экскурсіі па «калідорах мінулага» рэчы ў руках гаспадара нібы ажываюць – ён ведае лёс амаль кожнага экспаната.

Сярод артэфактаў міні-музея ёсць і «летапіс» ваенных часоў – святочныя паштоўкі да бацькоў ад нямецкага афіцэра, лісты-трохвугольнікі ад савецкага салдата з фронту з цёплымі словамі да сваёй каханай.

Ёсць у калекцыі і ручнікі з усіх куткоў Беларусі. Вось, напрыклад, гэты з Астравецкага раёна – ён выкананы ў тэхніцы выбарнага ткацтва. А вось гэты ручнік са Слуцка – ён нагадвае сабой знакамітыя паясы.

Амаль 200 ручнікоў з розных мясцін краіны – асаблівы гонар Вячаслава. Кожнаму з іх не менш за 100 гадоў. Саматканае палатно ва ўсе часы было не толькі ўпрыгажэннем, але і своеасаблівым абярэгам.

Хутка аўтарская калекцыя атрымае і ўласную экспазіцыйную залу – міні-музей Вячаслаў узводзіць на дачы. Там ён зможа праводзіць экскурсіі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднай зямлі.