Пяцідзённы калейдаскоп нацыянальных культур

7 июля 2014

У Бабруйску завяршыўся міжнародны фэст з фальклорнымі ноткамі Вянок дружбы. Сёлета творчы форум узяў новы геаграфічны рэкорд - у Беларусь прыехалі ўдзельнікі з 18 краін. На закрыцці самабытнага фэсту пабывала Ксенія Рабчынская.


Артысты з афрыканскай Ганы, бадай, адзіныя, хто за кулісамі літаральна за 10 хвілін да выхаду на сцэну не хвалююцца. Усё таму, усміхаюцца, што рэфрэн іх песні - бессмяротнае Акуна Матата - з суахілі перакладаецца літаральна - без клопатаў.


Сюды, на фэст, ансамбль Біг Твінз - у перакладзе вялікія двайняты - таксама прыехаў без клопатаў. Даведаліся пра яго па шчаслівай выпадковасці з Інтэрнэту і вырашылі, што Беларусь павінна перастаць быць для іх усяго толькі контурамі на карце свету. І не памыліліся.


Праўда, аднаго толькі жадання, каб трапіць на бабруйскі Вянок дружбы, недастаткова, кожны артыст загадзя дасылаў відэа са сваім выступленнем, потым былі тыдні адборачнага тура. У выніку сёння тут калектывы з 18 краін, і кожны прывёз тое, чаго не прачуеш ні на адной плёнцы - фрагмент сваёй культуры.


Першы вянок дружбы сплялі ўдзельнікі з 14 краін роўна 11 гадоў таму. Самае галоўнае падчас конкурснага адбору, які доўжыўся паўгода, гэта нацыянальны каларыт і самабытнасць кожнага нумара. Тут не спаборнічаюць, кожны, хто прыехаў на шматдзённы фэст, ужо пераможца.


Як і гэты калектыў з Тальяці. Іх песняй нас, вядома, не здзівіш, але выконваюць яе артысты на беларускай мове. Што гэта, калі не лепшы рэцэпт мікса культур? Ансамбль песні так і завецца Купалінка, і амаль увесь рэпертуар - гэта кампазіцыі на нашай беларускай мове.


А гэта, бадай, самыя дарослыя артысты на фэсце - група народнага танца са Швецыі. Аб'ездзілі ўжо паўсвету, але ў нашай краіне ўпершыню. Яшчэ да закрыцця пачалі планаваць наступны візіт праз год - каларыт Вянка дружбы ўжо вельмі іх натхніў.


Стыг Хелемарк, кіраўнік групы народнага танца Lund Studenters Folkdanslag, Швецыя: Нам вельмі тут падабаецца, на вуліцы з намі фатаграфуюцца, атмасфера выдатная, і вельмі цікава глядзець на іншыя калектывы, на касцюмы, на выступленні.


Для таго каб пагрузіцца ў атмасферу фальклорнай шматграннасці, кожны дзень паглядзець выступленні збіраюцца тысячы чалавек. І не толькі ў сценах Бабруйск-Арэны - у гарадскім парку гэтымі днямі правялі вялікае моладзевае свята і нават бітву дыджэяў. Сюды паслухаць юных артыстаў прыходзяць і ўдзельнікі фэсту.


12-ы Вянок дружбы стаў рэкардсменам па геаграфіі. І гэта не дзіўна, бо, фактычна, тут няма суперніцтва.


Дзмітрый Бонахаў, старшыня Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта, старшыня аргкамітэта Вянка дружбы: Гэта вянок дружбы, тут няма пераможцаў, не тое што пераможцаў няма, усе перамагаюць ад таго, што дораць адно аднаму творчасць, нашым бабруйчанам сваю творчасць, сваё мастацтва.


Завяршыўся Вянок дружбы ўзнагароджаннем усіх удзельнікаў і гала-канцэртам.