"Шлях вікінгаў"

15 августа 2016

Баі на мячах і коп'ях, спальванне паселішча і аўтэнтычная кухня. На два дні сапраўдныя вікінгі пасяліліся пад Стоўбцамі. Першы фестываль, прысвечаны эпосе ранняга Сярэдневякоўя, так і назвалі - "Шлях вікінгаў". Дарэчы, гісторыя Беларусі цесна звязаная з воінамі са Скандынавіі - менавіта па тэрыторыі нашай краіны праходзіў знакаміты шлях з варагаў у грэкі, а таму вікінгі значна паўплывалі на станаўленне культуры і эканомікі краіны. Ажыўшая гісторыя - у рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Вялізны човен, які паказваецца з-за гарызонта, называецца дракарам. Гэта асноўны транспартны сродак усіх вікінгаў. Як сведчаць некаторыя гісторыкі, выхадцы са Скандынавіі на самай справе першымі даплылі да берагоў Паўночнай Амерыкі. Вядома ж, даплывалі і да Беларусі.

Баі на мячах і коп'ях, захват імправізаванага паселішча - і ўсё гэта пад акампанемент аўтэнтычнай музыкі. Фестываль, прысвечаны менавіта эпосе ранняга Сярэдневякоўя, у Беларусі ладзяць упершыню. У адрозненне ад той жа эпохі рыцарства канструктарам-вікінгам на рысталішчы больш складана - у тыя часы пра цяжкія даспехі яшчэ не чулі.

Гледачы ацанілі не толькі відовішчныя баі, але і складаны быт скандынаўскіх воінаў. Кожны змог наведаць шатры - фактычна ў такіх дамах і жылі воіны з поўначы, а таксама пакаштаваць ежу вікінгаў: мяса, рыбу і бліны, смажаныя на адкрытым агні ці гарачых камянях.

Акрамя таго, для гасцей фестывалю - розныя інтэрактыўныя пляцоўкі з майстар-класамі па рамёствах, стральбе з лука і аўтэнтычнымі танцамі. У наступным годзе арганізатары таксама плануюць правесці фестываль вікінгаў. Абодва мерапрыемствы абяцаюць лагічна звязаць, як параграфы ў кнізе. Так што на гэтым прыгоды вікінгаў у Беларусі не заканчваюцца.