Паказаны арыгіналы дакументаў старажытнага Слуцкага Свята-Траецкага манастыра

4 апреля 2017

Публіцы паказалі арыгіналы дакументаў аднаго з самых старажытных манастыроў - Слуцкага Свята-Траецкага.

Нацыянальны гістарычны архіў і музей нашай краіны паказалі публіцы арыгіналы дакументаў аднаго з самых старажытных манастыроў - Слуцкага Свята-Траецкага. Ён дзейнічаў некалькі стагоддзяў. І столькі ж часу збіраўся архіў. Прычым дакументы не толькі сакральнага характару, але і палітычнага, фінансавага і бытавога - па іх можна прасачыць жыццё нашай краіны аж да пачатку ХХ стагоддзя. Алена Борматава больш падрабязна.

Першыя манастырскія дакументы датуюцца 1517 годам. Сёлета якраз 500 гадоў архіву Свята-Траецкага Слуцкага манастыра. Духоўны прытулак яшчэ называць Трайчанскім. Трайчаны – гэта прадмесце Слуцка, дзе і знаходзіўся адзін з самых буйных праваслаўных манастыроў.

Дзяніс Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук: "Цікавыя не столькі дакументы эканамічнага, палітычнага характару, колькі дакументы прыватнага характару, паколькі тут вельмі шмат прыватных лістоў, братчыкаў, святароў, прычым не толькі гэтага манастыра, князёў, у тым ліку знакамітага Багуслава Радзівіла, яго дачкі Луізы Караліны".

Свята-Траецкі Слуцкі манастыр быў не проста лакальным. Гэта быў праваслаўны цэнтр Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта сведчыць і дакументаабарот духоўнай установы. Карэспандэнцыя, якую атрымліваў манастыр, прыходзіла з тагачаснай сталіцы – Вільні і цэнтра мітраполіі – Кіева. Па рангу манастыр быў архімандрыяй – гэта найвышэйшы манастырскі статус. І ён мог напрамую перапісвацца з Канстанцінопалем.

У 1870 годзе Слуцкі Свята-Траецкі манастыр пераводзяць у Мінск на плошчу былога жаночага бернардзінскага манастыра. Сюды ж перавозяць і ўсе слуцкія святыні. Праваслаўны духоўны цэнтр стаў называцца Свята-Духавым мужчынскім манастыром. Сабор – як раз частка таго манастыра. Назва храма захавалася і сёння.

А на месца Траецкага ў Слуцк пераводзяць меншы і больш важны па статусе Грозаўскі Іаана-Багаслоўскі мужчынскі прытулак. Таксама са Слуцкага павета. Некалькі стагоддзяў таму манастыр быў не проста цэнтрам духоўнага жыцця. Гэта цэнтр палітыка-эканамічнага жыцця нашых зямель. У экспазіцыі арыгіналы толькі 36-ці манастырскіх дакументаў, а ўсяго іх тысячы. Толькі ў музейных фондах 935 адзінак. Архіў – гэта дзясяткі тамоў.

Наталля Мартынава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: “У 20-я гады архіў быў падзелены. Першы том з дзвюх частак найбольш каштоўны. Ён быў перададзены ў Беларускі дзяржаўны музей. Мы прамыя нашчадкі гэтата музея. Ён дагэтуль захоўваецца ў нас”.

Другая частка манастырскага архіва ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. 169 спраў. Храналагічна з 1747 па 1814 гады. Зараз завершана навуковае апісанне архіва, і ўсе дакументы маюць лічбавыя копіі. А гэта значыць абсалютна свабодныя для даследчыкаў.