Развітацца з кампазітарам Ігарам Лучанком прыйшлі сотні людзей

14 ноября 2018

Сёння Беларусь развіталася з народным артыстам СССР, кампазітарам Ігарам Лучанком. Грамадзянская паніхіда праходзіла ў Доме афіцэраў.

За тры гадзіны развітацца з маэстра прыйшлі сотні людзей. Адным з першых усклалі вянок ад Прэзідэнта Беларусі. Мноства кветак - як знак павагі любімаму кампазітару. Ігар Лучанок пісаў не толькі эстрадную музыку, ён аўтар сімфанічных твораў. Сёння развітваліся з маэстра блізкія, сябры і калегі, а таксама тыя, хто ведаў Ігара Лучанка толькі па тэлеэкране.

Валянцін Елізар’еў, народны артыст СССР: "Мы страцілі выдатнага чалавека, і чалавека, які напісаў песні, якія спявае ўвесь народ. Мне цяжка ўявіць наогул, што будзе далей. З ім было неяк вельмі спакойна, і я быў заўсёды ўпэўнены ў тым, што песенная творчасць будзе развівацца. Вельмі важна, каб гэта вось не перарывалася пакаленне, якое піша песні для народа".

Ігар Марзалюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Нам усім сёння вельмі-вельмі балюча. Сышоў вельмі вялікі чалавек, вялікі майстар. Чалавек, які ў сваёй справе быў адным з найлепшых. Чалавек, які для беларускага культурнага дыскурса зрабіў вельмі шмат, таму што на яго музыцы, на яго кампазіцыях выхоўвалася не адно пакаленне, у тым ліку і маё. Вялікія творцы, якія ствараюць вялікую музыку, яны жывуць да таго часу, пакуль жывая іх творчасць".

Праводзілі Ігара Лучанка як народнага артыста - пад апладысменты. Кампазітар пахаваны на Усходніх могілках Мінска.