Развітанне з Мікалаем Карачанцавым пройдзе 29 кастрычніка ў Ленкаме

26 октября 2018

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага артыста Расіі Мікалая Карачанцава. "У памяці мільёнаў людзей ён назаўжды застанецца выдатным артыстам і моцнай асобай. Створаныя ім у кіно і на тэатральных падмостках бліскучыя і незабыўныя вобразы нязменна заваёўвалі публіку псіхалагічнай дакладнасцю і глыбінёй характару", - гаворыцца ў спачуванні.

Акцёра не стала сёння, у пачатку кастрычніка яго шпіталізавалі ў бальніцу з двухбаковым запаленнем лёгкіх, але раніцай у яго перасталі працаваць ныркі. Пра гэта журналістам распавёў сын акцёра. Народны артыст РСФСР памёр за дзень да свайго 74-годдзя. Ролі ў рок-оперы "Юнона і Авось", спектаклях "Тыль" і "Гамлет", карцінах "Сабака на сене", "Белыя Росы", "Прыгоды Электроніка" зрабілі яго кумірам мільёнаў гледачоў. Мікалай Карачанцаў шмат працаваў на дубляжы фільмаў, агучваў мультфільмы, быў выдатным выканаўцам песень. Акцёра любілі за яго ігру, талент, захапляліся сілай духу.

У 2014 годзе ў Мінску прайшла прэм'ера другой часткі "Белых Рос", роля ў фільме стала вяртаннем Карачанцава на экраны пасля аварыі, у якую народны артыст патрапіў у ноч на 28 лютага 2005 года. У кіназале "Кастрычнік" пры поўным аншлагу, стоячы, прывіталі артыста. У фільме Мікалай Пятровіч з'явіўся з тым самым гармонікам, на якім іграў у кіно 30 гадоў таму.

Асаблівае стаўленне да гэтай карціны ў жыхароў Гродна, дзе праходзілі здымкі фільма. Пра знакамітых герояў "Белых Рос" нагадваюць драўляныя скульптуры. А самы хвалюючы момант кінакарціны ўвасоблены ў каванай калясцы, якую злавіў герой Мікалая Карачанцава.

Акцёра пахаваюць на Ваганькаўскіх могілках. Развітанне з артыстам пройдзе 29 кастрычніка ў Ленкаме.