Развітанне з Ігарам Лучанком адбудзецца заўтра ў Доме афіцэраў

13 ноября 2018

Стаў вядомы час і месца развітання з Ігарам Лучанком. Аддаць даніну памяці знакамітаму кампазітару, народнаму артысту Беларусі і СССР можна будзе заўтра ў сталічным Доме афіцэраў. Майстар, які здолеў стаць аднолькава блізкім і зразумелым розным пакаленням, пайшоў з жыцця ўчора. Яму было 80.

Гэта апошнія кадры з удзелам Лучанка. Крыху больш за месяц таму. Тады ні мы, ні гледачы, якія сабраліся на творчы вечар народнага артыста ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, не маглі ведаць, што бачым маэстра апошні раз. Ён размясціўся нязвыкла - не за інструментам на сцэне, як заўсёды на сваіх канцэртах, а ў зале для гледачоў. Фізічна, відавочна, быў ужо не ў ранейшых сілах, але ўсмешлівы, бадзёры, з ахвотаю размаўляў. Раздаваў аўтографы, прымаў кветкі ад прыхільнікаў (тады яны сабраліся без перабольшання з усёй Беларусі) - сакрэт такой усенароднай любові артыст раскрыў нам у двух словах. Як аказалася, у апошнім сваім тэлеінтэрв'ю.

Аднолькава сумленны і пераканаўчы ў любым жанры, за які б ні браўся. Лучанок - прадстаўнік вышэйшай музычнай школы, выпускнік трох кансерваторый, сам - экс-рэктар Беларускай акадэміі музыкі. Пісаў буйныя формы, але блізкім сэрцу слухача стаў праз просты і даступны жанр песні.

Сам не прайшоў, але бачыў вайну. З маці з эвакуацыі вярнуўся ў Беларусь, сустракаў бацьку з вайны. Ужо дарослым пабываў у Хатыні, каб так пранікліва ўвасобіць у музыцы трагедыю і подзвіг нашага народа ў тых, саракавых.

Вучань Шастаковіча. Але асновы шукаў не толькі ў акадэмічных правілах. З фальклорнымі экспедыцыямі аб'ехаў усю краіну. З павагай запісваў матывы беларускіх бабуль, каб потым разам з Мулявіным і "Песнярамі" стрэліць новым жанрам - асучасненай народнай песняй, якая загучала ў рок-операх і апрацоўках ВІА.

"Мой родны кут", "Вераніка", "Алеся", "Жураўлі на Палессе ляцяць". Ён знаёміў з Беларуссю ўвесь СССР і далёкае замежжа. Адзін з першых нашых, якія адкрылі Амерыку, асабісты сябар Фідэля Кастры, Чэ Гевары. Свой на камсамольскіх будоўлях, на стратэгічных савецкіх межах. Кампазітар, які ўславіў у песні подзвіг нашых вайскоўцаў і спяваў разам з імі: апошні свой твор ён прысвяціў 100-годдзю Чырвонай арміі. Заўсёды сярод маладых, і 80-годдзе сёлета ён адсвяткаваў сярод моладзі фестываляў Маладзечна і "Славянскага базару ў Віцебску". І ў сам дзень нараджэння, 6 жніўня, быў сярод маладых - аднадумцаў-камсамольцаў 60-70-х і сённяшніх хлопцаў і дзяўчат. Такі розны. Наш сімвал. Наш прыклад. А калі без пафасу, таленавіты і любімы, проста наш Ігар Міхайлавіч Лучанок. Развітанне з майстрам адбудзецца заўтра ў сталічным Доме афіцэраў з 11 да 14. Пахаваны Ігар Лучанок будзе на Маскоўскіх могілках Мінска.