"Праменад" з Ларысай Гулякевіч

16 августа 2019

Маладыя мастакі здзіўляюць сваёй творчасцю на першым усебеларускім трыенале. Жывапіс усходніх краін па-беларуску перад кінасеансам  і "Класіка ля Ратушы" кожную суботу. Падрабязнасці культурных выхадных у Ларысы Гулякевіч.

"Трыенале маладых мастакоў". Якімі творамі больш здзівілі таленавітыя і крэатыўныя? Традыцыйным мастацтвам - "Скульптура", "Жывапіс", "Графіка", ці сучасным - у намінацыі «Навацыя (арт-праект, інсталяцыя)».

Упершыню ў Беларусі праходзіць Рэспубліканскі конкурс "Трыенале маладых мастакоў". Свежы погляд на сучаснае мастацтва і новыя імёны. Кожная намінацыя падзяляецца на дзве групы, дзе ўдзельнічалі мастакі да 31 года - як дыпламаваныя, так і тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях. Падвядзенне вынікаў журы адбудзецца  21 жніўня, а 23-га - урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.

Выстава ўсходняга мастацтва "Хэнань" ад беларускага аўтара! Дзе? У кінатэатры "Цэнтральны". 

Новая выстава беларускай мастачкі Марыі Завадскай - своеасаблівая жывапісная прэм'ера ў кінатэатры «Цэнтральны». Работы - усходні мастацкі мікс у традыцыях кітайскай і японскай тэхнік малявання. Усе карціны зробленыя мінеральнымі фарбамі на рысавай паперы і нясуць спакой і філасофскія разважанні. Гэтым і адрозніваецца ўсходняе мастацтва ад еўрапейскага.

Сёлетні сезон для "Класікі ля Ратушы" - юбілейны! 5 гадоў у 5 гарадах Беларусі. Серыя музычных вечароў у сталіцы пачалася ў мінулым месяцы і будзе доўжыцца да канца лета. Заўтра – вечар з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі і не толькі.

Разам з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі ў гэтую суботу выступіць піяніст Цімур Сергіеня. Міжнародны канцэртны саліст, прафесар Вышэйшай школы мастацтваў - родам з Беларусі, але працуе ў Бельгіі. Канцэрты "Класіка ля Ратушы" чакаюць сваіх прыхільнікаў яшчэ дзве суботы жніўня, а завершыць штогадовы праект open-air Прэзідэнцкі аркестр Беларусі 31 жніўня.

А ў нядзелю тут, на плошчы ля Ратушы, - нацыянальнае свята Украіны. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы