"Праменад" раскажа, як культурна правесці выхадныя

28 февраля 2020
"Каты! Джаз! Вясна!" - такім выставачным праектам адзначае надыход вясны Цэнтр сучасных мастацтваў. Тым часам у Нацыянальным мастацкім музеі - дзве новыя выставы, а Вялікі тэатр Беларусі запрашае на оперу "Пікавая дама" і балет "Стварэнне свету". Падрабязней - падчас традыцыйнага культурнага "Праменада" разам з Ларысай Гулякевіч.

"Каты! Джаз! Вясна!" - выставачны праект Цэнтра сучасных мастацтваў даўно перарос у сапраўдны фэст фантазійных экспрэсій мастакоў і джаз каціных песень. Жывапіс, літаратурныя апавяданні, графіка, дэкаратыўнае мастацтва - усё прысвечана гэтым грацыёзным жывёлам.

Гэтыя пухнатыя стварэнні прыцягвалі ўвагу людзей яшчэ задоўга да нашай эры, натхнялі мастакоў і станавіліся персанажамі твораў мастацтва. Кожная работа вясновай выставы суправаджаецца кароткім эсэ, расказвае аб кантакце аўтара з каціным паралельным светам. У экспазіцыі - жывапіс звыш 70 аўтараў. Аднак сенсацыя праекта - дзясяткі статуэтак катоў з усяго свету, выкананых з розных матэрыялаў.

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрыліся дзве цікавыя выставы. Адна расказвае пра сілу ветру, іншая - пра шкло.

 Юбілейная выстава беларускага мэтра графікі і жывапісу Юрыя Хілько адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Амаль 50 твораў, створаных на працягу 18 гадоў. Ён свабодна размаўляе на мове абстрактнага жывапісу, усіх відаў графікі. Аднак значнае месца ў творчасці Юрыя Хілько займае кніжная ілюстрацыя. Тут мастак графікі раскрываецца як майстар тонкага малюнка са скурпулёзнай распрацоўкай дэталяў і фігуратыўных кампазіцый. Больш за 10 гадоў узначальвае кафедру графікі акадэміі, рыхтуе новае пакаленне беларускіх мастакоў.

"Пра шкло" расказвае майстар Вольга Сазыкіна ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Яна ўмее падпарадкоўваць гэты стыхійны экалагічны матэрыял і ў выніку размаўляе з ім на матчынай мове.

Сумесь ветру, пяску, камянёў  і яшчэ некалькі формул прыродных кампанентаў. Ствараецца непаўторны твор мастацтва. Шкло для Вольгі Сазыкінай – не проста матэрыял, з якім яна працуе. Яна мае да яго асабісты падыход, надае яму розныя формы. На выставе - амаль 20 твораў са збораў аўтара і фондаў Нацыянальнага мастацкага. 

Оперу "Пікавая дама" Пётр Ільіч Чайкоўскі напісаў 130 гадоў таму. Гэта, бадай, самы містычны твор кампазітара. Вялікі тэатр Беларусі запрашае заўтра, 29 лютага, на бессмяротны твор двух класікаў – Пушкіна і Чайкоўскага. Дэбютнае выкананне партыі Лізы - у Таццяны Пятровай.

Опера напісана ў Фларэнцыі ранняй вясной 1890 года, першая пастаноўка адбылася ў снежні 1890 года ў Марыінскім тэатры ў Пецярбургу ў выкананні артыстаў Імператарскай трупы. Містыка Пушкінскай аповесці "Пікавая дама" і чароўная музыка Пятра Ільіча Чайкоўскага - сапраўдны шэдэўр высокага мастацтва. Пачэснае месца займае і ў афішы Вялікага тэатра Беларусі.

У нядзелю, 1 сакавіка, на сцэне прэм'ера - адноўлены балет кампазітара Андрэя Пятрова "Стварэнне свету" ў рэдакцыі Валянціна Елізар'ева.

Зазірніце ў суботу на вуліцу Кірыла і Мяфодзія. Свет класічнай музыкі запрашае на бясплатны канцэрт "Гармоніі эпохі барока". Прыемных і нясумных выхадных, і да наступнай пятніцы.