29 июля 2016

Час планаваць адпачынак на выхадных. На аэрадроме Баравая можна паглядзець авіяцыйнае шоу і тут жа наведаць міжнародны рок-фестываль. А ў сталічным кінатэатры перад паказам прапануюць зазірнуць на фотавыставу. Аматары мастацтва могуць пабываць на вернісажы, прысвечаным мастаку Станіславу Жукоўскаму, які нарадзіўся на Беларусі.

Больш падрабязна ў рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Яшчэ больш эмоцый і інфармацыі пра неба. Другі фестываль авіяцыйнага спорту так і называецца - "Пранеба". Усе выхадныя на аэрадроме Баравая верталётныя гонкі ў экстрэмальным авіяшоу. Пачнецца ўсё ў суботу з міжнароднага рок-фестывалю з удзелам любімых музычных гуртоў.

Сёлета арганізатары фестывалю авіяцыйнага спорту абяцаюць неверагоднае шоу. Напрыклад, нацыянальны парашутны рэкорд – адразу 40 чалавек збяруць у небе вялікую фігуру, а ў верталётных гонках возьмуць удзел лепшыя сусветныя экіпажы. Гэта адбудзецца 30-31 ліпеня. Заўтра тут, на аэрадроме Баравая, пройдзе дзявяты рок-фестываль з цэлым атрадам музычных камандаў з Беларусі, Расіі, Украіны.

Міжнародную выставу, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння расійскага мастака Станіслава Жукоўскага, прэзентуе галерэя "Універсітэт культуры". Усе карціны - вынікі міжнароднага пленэра жывапісу, што праходзіў у беларускіх гістарычных мясцінах і натхніў расійскіх, узбекскіх і беларускіх мастакоў.

Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся у вёсцы Старая Воля, што ў Пружанскім раёне. Тут таксама праходзіў пленэр памяці жывапісца. Працавалі мастакі з розных краін СНД і ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе, і на базе сядзібы «Жураўлінае», што ў Брэсцкай вобласці. У будучым арганізатары пленэра плануюць стварыць тут мемарыяльны музей акадэміка Расійскай імператарскай акадэміі мастацтваў Станіслава Юльянавіча Жукоўскага.

Падчас міжнароднага пленэра было напісана больш за 300 твораў мастацтва ў стылі Жукоўскага. А гэта рэалістычная школа лірычнага пейзажа і інтэр'ерны жанр.

Для тых, хто вырашыў рамантычную сустрэчу перанесці ў кінатэатр "Цэнтральны", прыемны бонус-сюрпрыз. Тут у фае працуе новая фотавыстава пра прыгажосць дзяцінства пад назвай "Маленькімі ножкамі па вялікай планеце".

Беларускія прафесійныя фотамастакі Валерыя Касперава з Віцебска і Марыя Бальдзюсава з Мінска аб'ядналі сваю творчасць, скіраваную на шчаслівыя моманты дзяцінства. А наведвальнікам кінатэатра ёсць чым заняцца перад пачаткам кінасеанса.

Выстава будзе радаваць наведвальнікаў кінатэатра "Цэнтральны" пазітыўнымі эмоцыямі да 25 жніўня. Уваход свабодны.

Што да суботняй праграмы "Класіка ля ратушы", заўтра будзе гучаць аўтэнтычная іспанская музыка разам з гарачым фламенка.

Нясумных выхадных!