22 июня 2018

Лошыцкая сядзіба ў выхадныя запрашае на новую экспазіцыю моды XIX стагоддзя. Ля ратушы - суботнія джазавыя вечары, а ў Гістарычным музеі - выстава, прысвечаная вызваленню Беларусі.

Падрабязнасці ў нашай рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Свецкая мода і вайсковае абмундзіраванне ХІХ стагоддзя экспануюцца на новай выставе ў Лошыцкай сядзібе. Гэта рэканструкцыі паўсядзённых, бальных і вячэрніх касцюмаў, якія насілі жыхаркі зямель Беларусі, а таксама вайсковыя мундзіры і мужчынскае цывільнае адзенне.

Эскізы жаночых бальных і вячэрніх касцюмаў, а таксама вайсковыя мундзіры і мужчынскае цывільнае адзенне выконваліся паводле арыгінальных мадэляў першай паловы XIX ст. Крыніцамі паслужылі творы мастацтва і публікацыі той эпохі. Мадэлі вырабляліся з выкарыстаннем натуральных тканін і асаблівасцяў крою таго часу. Экспазіцыя "Куфэрак: на вайне і ў бальнай зале" дапаўняецца аўтэнтычнымі аксесуарамі эпохі з прыватнага збору. Выстава працуе па 9 верасня.

У суботу вялікая зала Лошыцкай сядзібы запрашае на камерны вечар з музычнай праграмай, дзе будуць гучаць творы еўрапейскіх і рускіх кампазітараў, а таксама знакамітыя арыі з опер і джазавыя вакальныя мініяцюры.

Чароўнымі гукамі музыкі адчуць водар лета, дакрануцца да старажытных часоў і патаемных сакрэтаў, што захоўвае Лошыцкая сядзіба. У рамках цыкла камерных вечароў у гэту суботу будуць гучаць Каміль Сен-Санс, Джордж Гершвін, Сяргей Рахманінаў, знакамітыя оперныя арыі, інструментальныя п'есы і душэўныя рускія рамансы.

Персанальная выстава Тамары Дзянісавай з рамантычнай назвай "Калі расцвітае бэз..." прысвечана Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гістарычны музей запрашае.

Больш за 40 карцін, прысвечаных подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай, былі напісаны аўтарам толькі за апошні год. Асаблівае месца Тамара Дзянісава надае гераічнаму лёсу Брэсцкай крэпасці. Тэматыка выставы – даніна памяці сваім бацькам.

Пачынаюцца "Джазавыя вечары" ў суботу каля ратушы. Сёлета тут будуць гучаць самыя розныя стылі і напрамкі - ад класічнага джаза і свінга да бібопа, этна і смут-джаза.

Фестываль "Джазавыя вечары" будзе праходзіць з 23 чэрвеня па 7 ліпеня. Сёлета ў суботніх канцэртах ля ратушы прымуць удзел музыканты з Беларусі, Бразіліі, Францыі, Кубы, ЗША, Расіі, Ізраіля, Германіі. Заўтра ў праграме - лацінаамерыканскі джаз. Канцэрты будуць праходзіць з 20:30 і да 23:00. Уваход вольны.

У гэтыя выхадныя Нясвіж запрашае на вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.