20 июля 2018

Час планаваць выхадныя. Хіт летняга сезона - мерапрыемствы ў фармаце open air. Так, плошча Свабоды запрашае па суботах на канцэрты "Класіка ля ратушы", а за горадам - фестываль "Наш Грунвальд". У гістарычным музеі - выстава акварэлі "Сны маёй радзімы".

Усе падрабязнасці - у Ларысы Гулякевіч. Рубрыка "Праменад". "Сны маёй радзімы" - так называецца выстава акварэльных работ мастака, які жыве за мяжой, але асновай творчасці якога застаюцца незабыўныя беларускія пейзажы і краявіды. Персанальная выстава Любові Мінковіч адкрылася ў гістарычным музеі Беларусі.

Усю гаму пачуццяў у акварэльнай палітры выказвае мастак Любоў Мінковіч да сваёй радзімы - Беларусі, дзе не жыве больш за 15 гадоў. Выставу сваіх твораў "Сны маёй радзімы" майстар вырашыла перадаць ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею.

Заўтра, у суботу, традыцыйны фестываль "Наш Грунвальд". Дзякуючы такім гісторыка-культурным мерапрыемствам мы ўжо ведаем не толькі традыцыі свецкай і ваеннай культуры нашых продкаў, а таксама дробязі побыту і нюансы Грунвальдскай бітвы сярэдневяковай Еўропы.

Галоўнай падзеяй дзясятага міжнароднага фестывалю стане рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і саюзнікаў - Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Юбілейны фэст "Наш Грунвальд" будзе праходзіць два дні ў гэтыя выхадныя ў Пухавіцкім раёне ў музейным комплексе "Дудуткі". Адбудзецца і традыцыйны "Фестываль у фестывалі" - музычны open-air "Баль пасля бітвы", дзе будзе гучаць музыка сумежных напрамкаў folk-rock-metal.

"Чароўны свет аперэты" - такую праграму прапануе аркестр Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра на суботнім вечары "Класіка ля ратушы". Арыі і ўверцюры з любімых аперэт і мюзіклаў для прыхільнікаў жанру музычнай камедыі.

Класіка на любы густ. Канцэртныя праграмы збіраюць тысячы гледачоў кожную суботу з 14 ліпеня па 25 жніўня. Атрымаць асалоду ад твораў вядомых кампазітараў у выкананні лепшых калектываў краіны змогуць меламаны ў адкрытым еўрапейскім фармаце бясплатна на пляцоўцы ля гарадской ратушы, якую сёння называюць культурным цэнтрам сталіцы. Заўтра ў праграме музыка аперэт. У розных праграмах прымуць удзел "Санорус", канцэртны аркестр "Няміга", Прэзідэнцкі аркестр Беларусі і многія іншыя вядомыя калектывы.

Паспейце наведаць летнія мерапрыемствы, што праходзяць у фармаце open air. Нясумных выхадных!