16 декабря 2016

Веласіпед не толькі экалагічны від транспарту, але і аб'ект натхнення беларускіх творцаў. Выстава мастакоў-веласіпедыстаў адкрылася ў Цэнтры сучасных мастацтваў. А Нацыянальны гістарычны музей Беларусі на гэтым тыдні адзначае 60-годдзе і дэманструе юбілейную выставу сваіх фондаў. На сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі - канцэрт-прэзентацыя кнігі, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну.

Якая культурная праграма чакае мінчан у выхадныя - раскажам у рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Кожны з 30-ці мастакоў гэтага праекта дэманструе не толькі свае творчыя работы, але і асабісты веласіпед, новы, стары, модны і не вельмі. Карацей кажучы, беларускія мастакі – за здаровы лад жыцця.

Унікальны мастацкі велапрабег аб'яднаў беларускіх мастакоў, дызайнераў, фатографаў у незвычайным ракурсе. Асноўны герой выставы – веласіпед як модны, экалагічны, спартыўны і мастацка натхняльны аб'ект.

На выставе акрамя жывапісу, графікі, фота, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадэманстраваны рарытэтныя веласіпеды, інтэрактыўныя і арт-аб'екты на веласіпедную тэму.

Сярэбраны кубак сям’і Агінскіх, падсвечнік Караля Чапскага, залаты імянны гадзіннік старшыні Савета народных камісараў БССР - юбілейная выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, які адзначае 60 гадоў.

Музей з гарматай – менавіта так у народзе называлі музей на Карла Маркса, 12. Сёння музей валодае самым буйным зборам у краіне, які налічвае звыш 450 тысяч прадметаў. Гэта ўнікальныя калекцыі скарбаў, нумізматыкі, археалогіі, старадрукаў, нацыянальнага касцюма, дакументаў. Але на сённяшні дзень гэтага недастаткова, каб заахвоціць наведвальнікаў розных узростаў. Таму тут выкарыстоўваюцца самыя крэатыўныя ідэі з сучаснымі інтэрактыўнымі праектамі і інсталяцыямі.

Гісторыя стварэння ансамбля "Песняры" ў новай кнізе. Канцэрт-прэзентацыя адбудзецца ў суботу на сцэне Белдзяржфілармоніі. "Недасказаннное" - так па-руску называецца прысвячэнне беларускаму музыканту Уладзіміру Мулявіну.

Кніга прысвечана пачатковаму этапу біяграфіі Уладзіміра Мулявіна і яго рабоце над стварэннем ансамбля "Песняры". Музычную спадчыну “Песняроў” захоўваюць яго сябры і калегі-музыканты, якія і выступяць на сцэне Белдзяржфілармоніі 17-га снежня. Праект з'яўляецца завяршальным акордам серыі канцэртаў з удзелам аркестра імя Жыновіча, прысвечаных святкаванню 75-годдзя Мулявіна.

У нядзелю Вялікі тэатр Беларусі дае прэм'ерны спектакль – оперу "Жаніцьба Фігара". Нясумных выхадных.