6 октября 2017

У Белдзяржфілармоніі – закрыццё Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, у Вялікім тэатры Беларусі - прэм'ера «Карсар», і беларуска-эстонскі выставачны праект.

Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч. ХІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета на закрыццё прапануе два канцэрты-легенды: сучаснай класікі з Кшыштафам Пендзярэцкім і скрыпкі Страдывары. Канцэрты ў гэтыя выхадныя ў Белдзяржфілармоніі.

У праграме суботняга канцэрта новы твор Сімфонія №7. "Сем варот Іерусаліма" для пяці салістаў, дэкламатара, змешанага хору і аркестра. Ганаровы госць і дырыжор – сусветнавядомы кампазітар Кшыштаф Пендзярэцкі. У нядзелю ўрачыста закрывае ХІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета канцэрт «Легенда на скрыпцы Страдывары» з удзелам Міжнароднага камернага аркестра East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера.

Беларуска-эстонскі праект называецца проста «Выстава 5». Таму што аўтараў - пяць. Яны прадставілі свае работы ў розных жанрах і тэхніках. Асноўныя вобразы: кветкі, анёлы і дзеці.

Так здарылася, што тры беларускія і два эстонскія мастакі не толькі сябруюць, але і малююць быццам у камандзе, незалежна ад геаграфічнай аддаленасці. У кожнага розныя школы, стылі і тэхнічныя сродкі, але адчуванне цудоўнага і погляды на гармонію свету – абагульняюць. Экспазіцыя адкрылася ў арт-гасцёўні «Высокае месца».

У гэтыя выхадныя Вялікі тэатр Беларусі дае прэм'еру балета «Карсар» на музыку французскага кампазітара Адольфа Адана. У беларуска-расійскай камандзе мэтры з піцерскай Марыінкі.

Гэта трэцяя інтэрпрэтацыя прыгод марскіх разбойнікаў для беларускага Вялікага, але пад кіраўніцтвам расійскага балетмайстра Вячаслава Хамякова. У спектаклі ўдзельнічае амаль уся балетная трупа тэатра, больш толькі ў «Лебядзіным возеры». А галоўная гераіня - Медора - выконвае чэмпіёнскую колькасць фуэтэ - 32-а.

Дарэчы, у нядзелю дырыжыраваць прэм’ернай пастаноўкай «Карсар» у Вялікім будзе маэстра Аляксандр Анісімаў, які ў гэты дзень адзначае сваё 70-годдзе.