У Віцебску сёння стартуе XXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар"

8 Ліпеня 2019

Нягледзячы на тое, што афіцыйнае адкрыццё ў чацвер, форум ужо сустракае гасцей. Так, сёння ў 17 гадзін на сцэне канцэртнай залы "Віцебск" выступяць удзельнікі дзіцячага музычнага конкурсу. Яны вызначыліся з нумарамі, пад якімі выйдуць на сцэну. На жараб'ёўцы пабывала Вольга Маслоўская.

Праграму XXVIII  Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пачынае дзіцячы музычны конкурс. Юныя вакалісты ў першы дзень выканаюць эстрадную песню на мове сваёй краіны. Журы сёлета ўзначальвае папулярны шведскі кампазітар, спявак Босан.

А напярэдадні вечарам удзельнікі вызначыліся з нумарамі, пад якімі яны будуць выходзіць на сцэну. Жараб'ёўка пачалася ля помніка чараўніку Хатабычу. Бо Віцебск - радзіма Лазара Лагіна, які прыдумаў гэтага персанажа. Чароўны збан і любімы ласунак кніжнага джына - марожанае - дапамаглі вызначыцца з нумарамі на два конкурсныя дні.

Канкурсантка ад Беларусі Ксенія Галецкая сёння выйдзе на сцэну пад нумарам 18, а ў другім конкурсным дні - пад нумарам 19.

Тым часам фестывальныя службы пераходзяць на кругласутачны рэжым працы. Сёлета Віцебск прыме больш як пяць тысяч гасцей, а значыць, будзе выдадзена рэкордная колькасць акрэдытацый. Сёлета ў бэйджаў, якія атрымліваюць артысты, журналісты, працаўнікі тэхнічных службаў, новы дызайн.

У ліку першых акрэдытацыі атрымалі спецыялісты, якія займаюцца афармленнем сцэны Летняга амфітэатра. Абсталяванне ў Віцебск везлі шэсць цяжкагрузаў. Стылізаваны какошнік і вялікія святлодыёдныя экраны - карцінка на галоўнай фестывальнай пляцоўцы будзе яркай і дынамічнай.

Першымі сцэну Летняга амфітэатра ацэняць гледачы і ўдзельнікі канцэрта "Уверцюра да фестывалю: ад класікі да рока", які адбудзецца ўжо заўтра.