Праграма "Славянскага базару ў Віцебску" практычна сфарміраваная

20 февраля 2018

Гатоўнасць - 90 %. Да ліпеня яшчэ нямала часу, а праграма "Славянскага базару ў Віцебску" практычна сфарміраваная. Пра гэта ўпэўнена заявіў дырэктар міжнароднага форуму Аляксандр Сідарэнка. Больш за тое, у Віцебску набыць білеты на канцэрты можна будзе ўжо з 23 лютага, а з 26-га квіткі стануць даступныя ў касах і на сайтах білетных аператараў па ўсім свеце. Першы этап продажу ўключае квіткі на канцэрты ў Летнім амфітэатры.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "У праграме фестывалю будуць вядомыя папулярныя артысты, многія з іх ужо бывалі на фестывалі. Гэта такія артысты, як Мікалай Баскаў, Ірына Алеграва, хор Турэцкага. Упершыню ў нас будзе выступаць на галоўнай пляцоўцы гурт "Мумій Троль". Упершыню будзе канцэрт рэпера Цімаці. Будзе вельмі вялікая колькасць зборных канцэртаў, такія праекты, як "Залаты хіт".

XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Форум працягвае здзіўляць сваіх гледачоў. На гэты раз сярод новых праектаў шоу братоў Запашных.