Віцебск працягвае жыць фэстам. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, насычаная праграма "Славянскага базару" працягвае збіраць аншлагі. Сёння гэта і вялікае свята Саюзнай дзяржавы, самыя розныя арт-лакацыі - як гаворыцца, на любы густ. І сёння ж адбыўся паўфінал Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "ВІЦЕБСК-2017". Ён завяршыўся літаральна гадзіну таму. Беларусь прадстаўляе Ягор Шаранкоў. Ці змог наш канкурсант прабіцца ў фінал - даведаемся ў маёй калегі.
Ніна Мажэйка выходзіць на прамую сувязь са студыяй. Добры вечар! І адразу да добрых навін. Беларускі ўдзельнік Ягор Шаранкоў атрымаў пуцёўку ў фінал XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2017" . Ён і яшчэ 14 канкурсантаў ужо заўтра выканаюць "Славянскі хіт" на сцэне Летняга амфітэатра. Зразумела, пад акампанемент Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраваннем маэстра Фінберга. Выступленні ў жывым суправаджэнні музыкантаў адрэпеціраваныя загадзя.
Запрашэнні ад дырэкцыі фэсту атрымалі канкурсанты з 21 краіны. Дарэчы, гэта максімальная колькасць, прадугледжаная палажэннем конкурсу. У Віцебск прыехалі дасведчаныя вакалісты з Калумбіі і Мексікі. Візу ў фінал выдала прафесійнае журы. Музычныя эксперты, прызнаныя майстры сцэны і нават лаўрэаты конкурсу ў Віцебску мінулых гадоў. Яны вырашаць лёс галоўнага прыза - "Залатой ліры". У чыіх руках апынецца статуэтка?
Беларускі канкурсант выканаў фолкавую кампазіцыю на беларускай мове ў аўтарскай аранжыроўцы. Ягор Шаранкоў - уладальнік Спецпрэміі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Саліст заслужанага калектыву пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, яшчэ і фіналіст нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" мінулага года. Адразу пасля абвяшчэння вынікаў Ягор пагутарыў з намі.
А прама зараз мы знаходзімся ў Летнім амфітэатры - на галоўнай фэставай пляцоўцы. Літаральна праз некалькі хвілін тут пачнецца канцэрт да юбілею, бадай, ужо легендарнага ансамбля "Сябры". Зусім хутка мастацкаму кіраўніку і салісту калектыву Анатолю Іванавічу Ярмоленку споўніцца 70. З гэтай нагоды сапраўдны сябар "Славянскага базару" сабраў сваіх калегаў па сцэне. Нам удалося пагутарыць з Анатолем Іванавічам на бэкстэйджы, зараз ён рыхтуецца да выступлення, але ўсё ж знайшоў час сказаць некалькі слоў.













