Праграма свята ў Полацку сапраўды насычаная

2 сентября 2017

Полацк вось ужо трэці раз прымае Дні беларускай пісьменнасці. Гэтым вечарам адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця свята роднага слова, хоць урачыстасці разгарнуліся яшчэ ўчора. Праграма сапраўды насычаная. Сярод сотняў мерапрыемстваў - выставы, круглыя сталы, прэзентацыі, канферэнцыі, канцэрты, літаратурныя чытанні. Зараз у Полацку працуе здымачная група Агенцтва тэленавін. На сувязі - карэспандэнт Іна Пілевіч (прамое ўключэнне).

Гэтымі хвілінамі школьнікі з розных куткоў краіны спаборнічаюць у мастацтве дэкламацыі вершаў. У Полацкім палацы культуры праходзіць фінальны этап конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Праект ладзіцца ўжо пяты сезон і гэтым разам аб'яднаў больш за 13 тысяч школьнікаў.

Але шчаслівы білет на фінал у Полацк атрымалі толькі 28 канкурсантаў. Удзельнікаў ацэньваюць вядомыя літаратары. Сярод крытэрыяў адбору - глыбіня пранікнення ў вобраз і сэнс твора, артыстызм выканання. Трыумфатар праекта выступіць на заключным канцэрце Дня пісьменства, які адбудзецца ўжо заўтра. А літаральна гадзіну таму ў Музеі беларускага кнігадрукавання завяршыўся міжнародны круглы стол. У ім прынялі ўдзел делегаты 12 краін. Пісьменнікі, выдаўцы, навукоўцы абмяркоўвалі такое паняцце, як дыпламатыя слова, грунтуючыся на спадчыне Францыска Скарыны. Сімвалічна, што Полацк з'яўляецца радзімай усходнеславянскага першадрукара, і сёлета наша краіна адзначае 500-годдзе з моманту публікацыі Скарынам Бібліі. Прашу рэжысёраў паказаць урывак інтэрв'ю аднаго з удзельнікаў.

Апроч дня роднага слова, Полацк святкуе і свой дзень нараджэння. Аднаму з самых старажытных гарадоў Беларусі спаўняецца 1155. Менавіта тут зарадзілася беларуская дзяржаўнасць. З гэтай нагоды а 18 гадзіне ля Сафійскага сабора адбудзецца адкрыццё памятнага знака «Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці». Помнік уяўляе сабой бронзавыя шчыты з выявамі гістарычных персаналій, лёс якіх завязаны з Полацкам. Праграма свята сапраўды насычаная. З раніцы працуюць шматлікія выставы, праходзіць фестываль кнігі і прэсы.

Адсвяткаваць дзень роднага слова можна і на радыёхвалях. Канал «Культура» пачаў двухдзённы марафон. Каманда радыйшчыкаў ужо разгарнула мабільную студыю ля помніка Францыску Скарыну ў Полацку. Адтуль будуць весціся прамыя ўключэнні кожныя дзве гадзіны. Так што, далучайцеся!