Рубрыка "Праменад"

24 января 2020
Рубрыка "Праменад"  прапануе наведаць у выхадныя новыя музейныя экспазіцыі, прысвечаныя  падарожжу беларускіх мастакоў па свеце, цацкам савецкіх часоў, і праект "Грань" з новым напрамкам у мастацтве. А таксама  містычны спектакль у  Купалаўскім тэатры.

Праграму культпахода  падрыхтавала Ларыса Гулякевіч.

30 гадоў ён не пакідаў сваёй кватэры: працаваў, маляваў, нават змяніў некалькі прафесій, атрымаў званне народнага майстра Беларусі. Галерэя Савіцкага прадстаўляе выставачны праект "Грань" як вынік творчай дзейнасці мастака Аркадзя Сцёпіна.

Каля 80 жывапісных і графічных работ былі створаныя мастаком у перыяд з 1978 года. Асноўная частка графікі - летась, у стане сур'ёзных абмежаванняў па зроку. Праект "Грань", дзе аўтар прадстаўляе асабісты напрамак у мастацтве - постатэістычны рамантызм, упершыню паказаны шырокай публіцы. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Бельгіі, Фінляндыі, Швецыі і Германіі. 

Жадаеце атрымаць квіток у савецкае дзяцінства? Цацкі, лялькі, машынкі, веласіпеды, а таксама настольныя развіваючыя гульні часоў СССР - у экспазіцыі ў музеі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

Савецкія цацкі перыяду 1950-80 гг., трапілі на выставу з прыватных калекцый. Плюшавыя мядзведзі, маленькія пупсы, неваляшкі ўсіх відаў і памераў былі спадарожнікамі не аднаго пакалення савецкіх дзяцей. Як не ўзгадаць металічны канструктар, які выдатна развіваў тэхнічную кемлівасць. А спаборніцтвы па настольным хакеі і футболе - такія папулярныя віды спорту ў часы СССР. Магчымасць паспрабаваць сябе ў музыцы давалі піяніна "Ножка", гуслі "Перапёлачка", акардэон, баян, металафон, патэфон і музычны слон. 

Акунуцца ў атмасферу савецкага дзяцінства можна да 24 лютага 


GEAGRAFIJA падарожжаў беларускіх мастакоў адлюстраваная на выставе ў гістарычным музеі. Яркі каларыт Усходу, стрыманыя колеры Поўначы, вулачкі старажытных гарадоў, халоднае дымчатае срэбра гор… Работы напісаны выключна з натуры.

Выстава з шырокай геаграфіяй. 7 мастакоў-рэалістаў з Беларусі прапануюць свае жывапісныя палотны. Амаль паўтары сотні работ былі напісаны ў дарозе - на пленэрах і асабістых падарожжах па Еўропе, Каўказе, Афрыцы і нават Аўстраліі. На думку аўтараў праекта "Геаграфія", кожная краіна мае свой колер і характар.

Усе аўтары - прадстаўнікі нацыянальнай школы жывапісу. Здзейсніць віртуальнае падарожжа па краінах і кантынентах можна да 9 лютага. 

Купалаўскі тэатр у гэтыя выхадныя дае спектакль паводле твора легендарнага пісьменніка-рамантыка Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.


Субота і нядзеля а 19-й гадзіне.

Містыка і фальклор, гісторыя і сучаснасць, цуды і жахі - усё знітавана ў наваколлі магічнага возера Нешчарда, куды вяртаецца з Паўночнай сталіцы Расійскай імперыі пляменнік шляхціца Завальні Ян. Былы вучань Полацкага калегіума апынаецца ў гушчы нечаканых падзей. Страта сябра і барацьба за каханне. У канфлікце рэальнасці і непраяўленага свету разгортваюцца падзеі на Купалаўскай сцэне. 

Сямейны гульнявы фестываль  Toyday пройдзе ў суботу і нядзелю ў Цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава, 3. Прыемных і нясумных выхадных!