Праект Vulica Brasil размясціўся на індустрыяльнай вуліцы Кастрычніцкай

8 сентября 2016

Фантастычны сюррэалізм, інтуітыўная абстракцыя і ўрбаністычны канцэптуалізм - бразільскі стрыт-арт ізноў у беларускай сталіцы. Праект Vulica Brasil, які ўжо трэці год запар праходзіць у Мінску, на гэты раз размясціўся на індустрыяльнай вуліцы Кастрычніцкай. Пяць мастакоў з Паўднёвай Амерыкі разам з беларускімі графіцістамі на сценах завода МЗКР і гатэля, які будуецца, ствараюць гіганцкія панарамы. Дарэчы, адна з іх можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Плошча малюнка бразільца Рамона Марцінеса дасягне 3,5 квадратных кіламетра.

Рамон Марцінес, бразільскі мастак, удзельнік праекта Vulica Brasil: "Перш чым прыехаць у Беларусь я пачаў даследаваць, якія ў вас ёсць жывёлы. Я вельмі люблю прыроду. І мне захацелася адлюстраваць сімвалы вашай краіны - зубра, аленя. Іх не сустрэць у горадзе. І таму я вырашыў у сваёй працы нагадаць, што чалавек - частка прыроды. А што да рэкорду, то для мяне важна, каб гэты мурал трапіў у мой асабісты спіс як лепшая кампазіцыя".

Яшчэ адна навінка сезона - акрамя будынкаў, пад пэндзлі мастакоў трапяць і два рарытэтныя трамваі. Яны і стануць сімвалам Vulica Brasil. Убачыць гатовыя арт-аб'екты можна будзе ўжо 17 верасня - падчас закрыцця фестывалю.