У краіне працягваецца музычны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё "Песні малой радзімы". Гэтым разам творчая група накіравалася з экспедыцыяй у Гродзенскую вобласць, дзе былі запісаныя 14 самых таленавітых калектываў заходняга рэгіёна. Іх песні будуць гучаць у эфіры радыё на працягу года. А самыя яркія выканаўцы прымуць удзел у гала-канцэрце, які пройдзе ў Мінску. Аб народнай творчасці - Юрый Карняловіч.
Пакуль не пачаўся запіс на Беларускім радыё, артысты слонімскага народнага калектыву “Грымата” адточваюць апошнія ноты. Імправізаваную рэпетыцыю арганізавалі непасрэдна перад уваходам у канцэртную залу.
Задача ў музыкантаў адказная - максімальна дакладна і прыгожа выканаць народную песню, напісанаю ў Слонімскім рэгіёне. Бо удзел у праекце Беларускага радыё - гэта магчымасць для артыстаў прадэманстраваць сваю творчасць на ўсю краіну.
Запіс народных калектываў творчая група Беларускага радыё праводзіць у рамках рэспубліканскага праекта “Песні малой радзімы”. Задача - сабраць найбольш цікавых выканаўцаў і калектывы, якія ў сваёй інтэрпрэтацыі прадстаўляюць фальклорны рэпертуар.
Стартаваў праект у Нясвіжы, а Гродна - другі горад, куды прыехала творчая група. Менавіта шматнацыянальнасць і перапляценне розных культур у Прынёманскім рэгіёне асабліва зацікавілі аўтараў праекта.
На запіс песеннага матэрыялу ў Гродзенскай вобласці аўтары праекта адвялі тры дні. І гэта невыпадкова, за гэты час 14 мастацкіх калектываў прадэманстравалі ўсю мнагагранную палітру народнай культуры Прынёманскага рэгіёна.
Беларуская народная песня, прызнаюцца ўдзельнікі праекта, сапраўды яднае людзей. Яскравы прыклад таму мастоўскі калектыў “Ярыца”, які ўзначальвае татарын па нацыянальнасці Шаміль Тайраў.
У планах аўтараў праекта “Песні малой радзімы” арганізаваць музычныя экспедыцыі ва ўсе рэгіёны краіны. А самых таленавітых выканаўцаў запрасіць на гала-канцэрт беларускай песні, які плануецца правесці ў сталіцы напрыканцы года.













