Праект "Мы зрабілі гэта разам" - пра Нясвіжскі замак

12 августа 2015

Арыстакратычная гісторыя Беларусі, на якую прыязджае паглядзець увесь свет. Паўтара мільёна чалавек за тры гады - лепшы паказчык аддачы інвеставаных у культуру сродкаў. Дасягненні суверэннай, незалежнай Беларусі - вачамі журналістаў Агенцтва тэленавін. Чарговая серыя праекта "Мы зрабілі гэта разам" - пра Нясвіжскі замак. Радавое гняздо адной з самых уплывовых і магутных сем’яў Еўропы - Радзівілаў, з якімі былі ў сваяцтве амаль усе манаршыя еўрапейскія фаміліі. Замак, дзе прымалі магнатаў, шляхту і каралёў. Дом для дзясяткаў пакаленняў адной сям'і. Гісторыя адраджэння нацыянальнай велічы - у новай рубрыцы "Панарамы".

Восем тысяч палацавых метраў, тры дзясяткі магнацкіх залаў, сем гадоў рэстаўрацыі і мільярды бюджэтных сродкаў - вось толькі некаторыя лічбы аднаўлення Нясвіжскага палаца. Помнік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, увасабленне раскошы і росквіту аднаўлялі і напаўнялі аўтэнтыкай тысячы спецыялістаў. Арыгінальныя рэчы ў радавое гняздо прывозілі нашчадкі славутай дынастыі, на дэпазіт падавалі дзясяткі музеяў Беларусі. Усяго праз нейкія тры гады дэпазітных рэчаў усё менш, а радзівілаўскія інтэр’еры напаўняюцца фамільнымі прадметамі, якія шукаюць па ўсім свеце.

Сяргей Клімаў, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”: "Мы купілі спальню - гарнітур з 15 прадметаў. Гэта была сенсацыйная такая купля. Гэта адзіны вядомы ў свеце спальны гарнітур, наогул мэблевы гарнітур, які належыў сям'і".

Сучасную эпоху адраджэння для радавога гнязда Радзівілаў пачалі напрыканцы 90-х. Калі ў магнацкіх пакоях яшчэ быў санаторый. Яго адкрылі ў 45-м - першы ў Беларусі пасля вайны. Тут аздараўлялася палітычная і наменклатурная эліта. Адпачывалі народныя артысты, паэты і пісьменнікі.

Вялікая сталовая зала. Яшчэ яе называюць каміннай. Створана паводле задумы Марыі дэ Кастэлян, якая разам з мужам Антоніем Радзівілам аднаўляла замак пасля вайны 1812. Сёння вялікая сталовая зала, бадай, адзіная ў палацы аўтэнтычная. Тыя ж каміны, тая ж столь і тыя ж панэлі. Сталовай яна была і ў часы панавання тут санаторыя. Убачыць амаль каралеўскія інтэр’еры маглі толькі адпачывальнікі.

Більярдны стол, за якім адпачывалі і Радзівілы, і госці санаторыя. Сёння ён адрэстаўраваны і выстаўлены ў Паляўнічай зале. Яе аздабленнем разам з навукоўцамі займаліся і простыя беларусы. Тэндар на 180 мільёнаў рублёў выйграла таварыства паляўнічых і рыбаловаў. 112 экспанатаў.

Рэстаўратары прыйшлі ў замак напачатку нулявых. Пачаліся навуковыя даследаванні, праектная праца. Вывучэнне стану старажытных сцен, падмуркаў і перакрыццяў. Але пажар 2002 уносіць свае карэктывы.

36-метровае палатно - адзінае ў Беларусі. Суцэльны кавалак лёну, над якім працавалі невядомыя мастакі, упрыгожваў столь над галоўным уваходам. Пасля пажару над ім доўга працавалі рэстаўратары. Сёння багіня Леда, ці, згодна з апошнімі даследаваннямі, Аўрора на гістарычным месцы. Гістарычнае аднаўленне адбывалася за кошт дзяржаўных сродкаў. Паралельна выдаткоўваліся сродкі на музеіфікацыю. Тое, што не ўдалося пры Саюзе, рабілі ў незалежнай Беларусі.

Аднаўленчыя работы закранулі не толькі палацава-замкавыя метры. Пайшлі і ўглыб - у падзямелле. Знайшлі знакамітыя падземныя хады Радзівілаў. Не захавалася ні планаў, ні карт. Нясвіжскі замак нават зараз так і не раскрыў усіх таямніц.

Аляксей Буднік, загадчык сектара “Палацавы ансамбль” Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”: Магчыма, былі і хады, якія не захаваліся, якія выводзілі за межы замка, каб можна было пакінуць. Мы дапускаем такі варыянт. Але, на жаль, гаварыць на 100% упэўнена мы не можам, таму што яны як раз не знойдзеныя. Магчыма, яны не захаваліся".

Час рэнесансу прыйшоў і ў самае ціхае месца сямейнага замка - капліцу. Некалькі пакаленняў Радзівілаў малілася тут. У часы санаторыя ў сакральным пакоі размяшчаліся працэдурныя кабінеты.

У радзівілаўскай капліцы сёння вядуцца службы, куды могуць прыйсці звычайныя вернікі. Замак таксама адкрыты для ўсіх - сем дзён на тыдзень. Велічная арыстакратычная гісторыя Беларусі, якую мы аднавілі разам.