Прадаўжаецца нацыянальны адбор на Еўрабачанне

20 ноября 2013

Прыём заявак сканчаецца 24 лістапада. Да 29 лістапада прафесійнае журы правядзе праслухванне і вызначыць да 15 шчасліўчыкаў, якія возьмуць удзел у грандыёзным фінале праекта ў студзені наступнага года. І зоркам першай велічыні, і маладым артыстам арганізатар нацыянальнага адбору - Белтэлерадыёкампанія - падае рэальны шанц пазмагацца за пуцёўку на галоўны музычны конкурс Еўропы.



З падрабязнасцямі - Анатоль Ліпецкі.


Новыя ідэі, новыя прыёмы, ды што там - практычна новая стратэгія. Белтэлерадыёкампанія (адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза) прадаўжае прымаць заяўкі для ўдзелу ў нацыянальным адборы на Еўрабачанне-2014. Выбраць лепшага - паспяховае дасягненне выніку, у першую чаргу, прадугледжвае стварэнне для прэтэндэнтаў максімальна камфортных і зразумелых умоў. Вось і вырашылі адмовіцца ад папярэдняга - паўфінальнага - этапа. Гэта, вядома, не азначае, што ў фінал трапяць усе ахвочыя. Конкурс сур'ёзны - спачатку праслухванне. Але шанцаў стала істотна больш - у фінальным шоу змогуць прыняць удзел да 15 выканаўцаў.


Выключна таленавітыя і дастойныя пуцёўкі ў Капенгаген? Тады наперад! Такім чынам, мінімум 16 поўных гадоў на дату падачы заяўкі. Песня павінна быць новай. З юрыдычнага пункта погляду - не рэалізаваная камерцыйна: не распаўсюджвалася на якіх-небудзь носьбітах з дапамогай продажу, праз Інтэрнэт, не перадавалася ў радыё і тэлевізійны эфір, а таксама не выконвалася публічна да 1 верасня 2013 года. Працягласць кампазіцыі - не больш за тры хвіліны. Моўных абмежаванняў няма. Адважвайцеся!



Заявак з кожным днём становіцца ўсё больш. Апошні дзень прыёму - 24 лістапада. Засталося менш за тыдзень, каб паспрабаваць здзівіць журы. Генадзь Давыдзька, Васіль Раінчык, Аляксандр Ціхановіч, Алёна Ланская, Аляксандр Мяженны і іншыя артысты і медыя-персоны. Гэта канцэнтрацыя творчага вопыту, а таксама дакладнае разуменне сутнасці і задач конкурсу Еўрабачанне. Гэтыя людзі не баяцца складанасцяў. Час, увага, сілы - колькі запатрабуецца. Паказаць сябе і свае магчымасці ва ўсёй красе, прайсці праз сіта прафесійнай ацэнкі, атрымаць параду - усё гэта дарагога каштуе. 10 студзеня. Прамы эфір. Лепшыя з лепшых. Фінал нацыянальнага адбору. Набраць найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесіяналаў і гледачоў - значыць, стаць пераможцам праекта і прыступаць да падрыхтоўкі да выступлення ў Даніі.