Папоўніць маршрут выхаднога дня сустрэчай з нацыянальнымі рамёствамі і далучыцца да магіі рукадзелля нашых продкаў прапануе Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. Ён навучыць, як браць творчыя рэкорды, ствараючы каларытныя рэчы сваімі рукамі.
Разам з этна-майстар-класамі наведвальніку правядуць экскурсію па свеце беларускай аўтэнтыкі - у музеі больш за паўтысячы экспанатаў, некаторым прадметам больш за 400 гадоў! Наталля Бардзілоўская пазнаёмілася з экспазіцыяй.
Налева пойдзеш - трампліны і трасы, шумны свет спорту. Направа ад ўезду ў Раубічы - цішыня Крыжагорскага касцёла. Вось ужо больш чым 40 гадоў тут - музей. Пад высокімі скляпеннямі - экспазіцыя народных жамчужын Беларусі, больш за паўтысячу прадметаў, сабраных па ўсёй краіне падчас навуковых экспедыцый. Салома- і лозапляценне, ганчарства, роспіс па дрэве, ткацтва. Самы ганаровы ”старажыл” пад вітрынным шклом – 400-гадовая пасудзіна коўш-браціна для мужчынскіх баляванняў.
Дар’я Ільініч, загадчыца філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: «Зроблена на першы погляд з дрэва, на самай жа справе, гэта спецыфічны нарост на дрэве. Кап на бярозах. З яго зроблена чаша для сумеснага распіцця на святы - піва, медавухі і гэтак далей».
У экспазіцыі побытавай керамікі больш вядомыя тэракотавага колеру глазураваныя слоікі і глякі з розных рэгіёнаў Беларусі. І толькі з Пружан - рэдкі дэкор: чорнаглянцаваныя “з дымленнем” вазы і збаны. Шмат прадметаў з дрэва: ад “матрошачных” кошыкаў да элементаў іканастаса, усё - рук беларускіх цесляроў і сталяроў.
Адзін з самых найважнейшых элементаў любога храма: Царскія вароты. Своеасаблівае памежжа паміж алтаром і агульнадаступнай часткай царквы. Звычайна Царскія вароты рабілі з золата. Але ці быў даступны дарагі матэрыял, напрыклад, у вясковых цэркаўках? Вядома, што не. Народныя майстры-беларусы прыстасаваліся і рабілі Царскі прытвор… з саломкі!
Саламяная брама пад пералівамі свечак зіхацела не горш за каштоўныя камяні! Такіх прадметаў культавага ўжытку ў Беларусі захаваліся толькі тры: гэты, якому 200 гадоў. У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея і ў Гродне. Ёсць рэпліка ў Дудутках.
Ва ўсёй разнастайнасці - традыцыйныя касцюмы беларусаў ад пачатку 19 стагоддзя - з лёну і бавоўны, штодзённыя і святочныя, мужчынскія і жаночыя. У калекцыі ўбораў прадстаўлены ўсе беларускія рэгіёны. Усе тэхнікі апрацоўкі тканіны і крою. Вы думаеце, гэта ўстарэлыя фасоны? Глядзіце - трэнд сённяшніх модніц - плісіраваная спадніца. У старажытнасці дробныя складачкі заціскалі цестам і клалі адзежыну ў печ. Калі цеста на спадніцы запякалася - яго здымалі, так і атрымлівалася “плісэ” - на вякі, нават зараз не распрасаваць!
Сувеніры з саломкі, лялькі ў народных строях, заўсёды папулярныя бранзалеткі з чырвоных нітак: у Музеі беларускага народнага мастацтва падтрымліваюць практыку вясковага рукадзелля. Любога жадаючага тут навучаць пляценню паясоў і вырабу нацыянальнай цацкі - на майстар-класах. Назавуць незлічоную колькасць прыкмет і раскажуць легенды ад нашых прашчураў: культуру іх тут захоўваюць беражліва.













