"Прынашэнне настаўніку"

25 ноября 2014
У Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт да 90-годдзя легендарнага настаўніка і прафесара Міхаіла Солапава. Ветэран Вялікай Айчыннай, кавалер ордэна Францыска Скарыны, Міхаіл Рыгоравіч склаў унікальную навучальную праграму для навучэнцаў музычных школ. Сярод яго выхаванцаў - лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, вядомыя выканаўцы і педагогі, кіраўнікі творчых калектываў і дырыжоры.

Якія творы прагучалі з вялікай акадэмічнай сцэны і хто з зорак эстрады прыехаў павіншаваць настаўніка - у рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Яны даўно не бачыліся. Эстрадны кампазітар Карнялюк і яго акадэмічны настаўнік Солапаў. Пасля амаль хвіліны сардэчных абдымкаў да пачатку канцэрта яны размаўляюць тэт-а-тэт.
Франтавік Солапаў пасля дэмабілізацыі застаўся ў Беларусі. Скончыў Брэсцкае музычнае вучылішча, а пасля выкладаў спецыяльны клас баяна. Потым была вучоба ў Інстытуце імя Гнесіных. Праз год Міхаіл Рыгоравіч узначаліў вучылішча, якое зараз перайменавалі ў каледж.

Солапаў для Беларусі - імя выключнае. Асветнік беларускай глыбінкі. Гэта ён зрабіў навучанне ў музычных школах даступным для сельскіх жыхароў. Нават сам падымаў творчую гаспадарку - працаваў дырэктарам у адной з такіх школ. Стварыў дзіцячы вучэбны рэпертуар паводле беларускага фальклору.

А яшчэ заснаваў аркестр рускіх народных інструментаў, а пасля - сімфанічны, якім кіраваў 16 гадоў. Зараз прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з дырыжорскай палачкай не стаіць. Яго вучні сёння ладзяць канцэрт у гонар свайго настаўніка - 90 гадоў з дня нараджэння.

Ігар Карнялюк, скончыўшы Брэсцкае музычнае вучылішча, падаўся ў Санкт-Пецярбург. І ўжо адтуль слаў лісты ў фармаце песень: "Білет на балет", "Дажджы". Ніхто не чакаў ад эстраднага Карнелюка сур'ёзнага падыходу, але ў 90-х ён піша музыку да якаснага тэлесерыяла "Бандыцкі Пецярбург". З гэтага моманту Карнялюк рэгулярна з'яўляецца ў цітрах да фільмаў "Ідыёт", "Майстар і Маргарыта", "Тарас Бульба"... У Мінск кампазітар прывёз свае хіты.

Цымбалы, ліры, жалейкі, дуды... Апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў гучалі з вялікай сцэны Белдзяржфілармоніі.