У Беларусі пачалася музычная барацьба за права прадставіць нашу краіну на дарослым Еўрабачанні! Учора завяршыўся прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры міжнароднага конкурсу песні. Сваю бандэроль з запісам кампазіцыі ў Белтэлерадыёкампанію даслаў і выхадзец Гродна, гітарыст-віртуоз, вядомы далёка за межамі нашай краіны, Валерый Дзідзюля! Кампазітар і музыкант будзе змагацца за пуцёўку ў Капенгаген не адзін. У яго камандзе - трыўмфатар Славянскага базара і рокер з групы Deep Purple. З прэзентацыі конкурснай песні - рэпартаж Іны Пілевіч.
Паўтоны музычных інструментаў. Сінтэзатары, флейты, ражкі, перкусіі і самыя шматлікія ў калекцыі гітары. Кожны свой інструмент ён наладжвае самастойна. Без выключэння. Музыкант і кампазітар Валерый Дзідзюля прыехаў у Мінск з шоу без канферансу і антракту. Дзве з паловай гадзіны жывога выканання ад неафламенка да рока.
У сваім фільме яго здымаў сам Андрэй Канчалоўскі, а першы эшалон расійскай эстрады запрашае да супрацоўніцтва. Выхадзец Гродна Валерый Дзідзюля дае прэм'ерны канцэрт на радзіме. У перапоўненай зале ўпершыню выконвае сваю песню для Еўрабачання. Музыка ўласнага аўтарства, тэкст рокера з груп Rainbow і Deep Purple Джо Ліна Цёрнера. Спявае пераможца Славянскага базара, некалі тыл рэпера Сярогі Максім Сапацькоў, які цяпер выступае пад псеўданімам Макс Лорэнс.
Харэаграфія з сурдаперакладам. Выканаўцы хочуць данесці сэнс сваёй песні тым, хто не можа чуць. Таксама музыканты спадзяюцца заваяваць журы нацыянальнага адбору на Еўрабачанне эксперыментам. У песні гучыць адзін з самых маладых інструментаў у свеце - ханг.
Прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры міжнароднага конкурсу Еўрабачанне завершаны. Да канца тыдня праслухоўванне ўдзельнікаў правядзе прафесійнае журы. Тут, на Макаёнка 9, вызначаць фіналістаў. Прадстаўніка Беларусі на Еўрабачанні вылучым усёй краінай у прамым эфіры ўжо ў студзені.














