Прэзідэнцкі аркестр Беларусі правёў музычны эксперымент

16 октября 2014

Бачылі ноч, Група крыві і Васьмікласніца ў выкананні 62-х інструментаў. Сёння на сцэне Палаца рэспублікі рок-хіты гурта Кіно набылі сімфанічнае гучанне. Такі музычны эксперымент правёў Прэзідэнцкі аркестр Беларусі ў тандэме з гітарыстам культавага калектыву Юрыем Каспаранам. Савецкі рок пад узмах дырыжорскай палачкі пачула Іна Пілевіч.


Ад камерных кватэрнікаў яны выраслі да шматлікіх стадыёнаў. А за дзевяць гадоў існавання выпусцілі больш за сотню песень. Гурт Кіно - сімвал савецкага рока 80-х. Сёння хіты Віктара Цоя гучаць у новай інтэрпрэтацыі - без слоў у выкананні смычковых, духавых, ударных і струнных.


Хаця песні рускіх рокераў славіліся перш за ўсё сваімі тэкстамі, ад вакальнай партыі адмовіліся наўмысна. Нікому яшчэ не ўдалося паўтарыць унікальны тэмбр голасу Віктара Цоя. Аркестравыя версіі легендарных песень напісаў Ігар Удовін - адзін са стваральнікаў і вакаліст першага складу гурта Ленінград. Кампазітар замяніў традыцыйнае для гурта Кіно гучанне драм-машыны на мяккае акадэмічнае выкананне.


У 62 інструменты спадчыну Цоя выконвае Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. Для калектыву Віктара Бабарыкіна гэта ўжо не першы рок-эксперымент. У сімфанічнай апрацоўцы выконвалі кампазіцыі Металікі, Дып Пёрпл, Скорпіянс. Праект Сімфанічнае кіно асвоілі за месяц.


На гэты вечар першай скрыпкай аркестра стала электрагітара. Сімфанічнае кіно прадставіў непасрэдны носьбіт музычнай мовы гурта Кіно Юрый Каспаран - гітарыст калектыву і сябар Віктара Цоя. Праект ствараў як даніну памяці лідару гурта, творчасць якога з часам стала класікай, годнай аркестра.