Прэзідэнцкі аркестр Беларусі прэзентаваў заключны канцэрт свайго чатырнаццатага сезона

23 июля 2016

Летняя трылогія ад Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Заслужаны калектыў пад кіраваннем Віктара Бабарыкіна прэзентаваў трэці і заключны канцэрт свайго чатырнаццатага сезона - "Лепшыя саўнд-трэк хіты". Запіс канцэрта вяла і Белтэлерадыёкампанія. Тэлеверсію шоу можна будзе ўбачыць на "Беларусь 3".

Расказвае Вольга Мядзведзь. Да прэм'еры менш чым гадзіна, а на сцэне генеральны прагон. Галоўны чараўнік гэтага вечара - Віктар Бабарыкін - сочыць не толькі за якасцю музыкі, але і за тэхнічным рашэннем шоу.

У канцэрце музыка з самых папулярных фільмаў апошніх дзесяцігоддзяў. Чатырнаццаць нумароў у праграмцы і каля дваццаці ў рэальным выкананні. Усё таму, што мелодыі з блокбастараў "Гары Потэр" і "Гладыятар" гучаць адразу ў трох частках. На час выканання гэтых нумароў галоўны дырыжор надзеў акуляры юнага чараўніка Потэра і вынес на сцэну кінжал бясстрашнага Максімуса.

Галоўная тэма з сагі "Зорныя войны" прызнаная самай вядомай у гісторыі кіно. З яе і пачынаецца кінасеанс на канцэрце. Менавіта ў гэтай праграме саўндтрэкі прагучаць у суправаджэнні відэараду.

Нягледзячы на перапынак на "Славянскі базар", Прэзідэнцкі аркестр паспеў укласціся ў тры месяцы рэпетыцый і расшыфраваць арыгінальныя партытуры галівудскіх кампазітараў. Асабліва дбайнай працы запатрабавалі фанфары фантастычнай сагі пра касмічныя баталіі. Замест голасу легендарнай Уітні Х'юстан у праграме сола на скрыпцы. А на дэсерт - марш з кінастужкі "Добры дзень, я ваша цётка".

Гэтым выступленнем Прэзідэнцкі аркестр завяршае свой канцэртны сезон. Юбілейны, 15-ы год заслужаны калектыў адкрые на міжнародным фестывалі "Новая хваля", пасля чаго прыхільнікаў чакаюць новыя перформансы - такія, як трыб'ют-шоу гурта "Кіно" "Сімфанічныя агуркі" і спецыяльная праграма "Беларускае золата" з гуртом J:МОРС.