Прэзентацыя кнігі "Сымон-музыка" адбылася сёння ў сталічным Музеі імя Якуба Коласа

1 марта 2018

"Сымон-музыка" зайграў па-новаму! На рускую мову вядомая паэма Якуба Коласа ўпершыню перакладзеная ў поўным аб'ёме.

Прэзентацыя кнігі ў цвёрдай вокладцы адбылася сёння ў сталічным музеі імя класіка. Над перакладам твора, які называюць скарбніцай беларускай мовы, на працягу двух гадоў працавалі адразу пяць аўтараў. Усе яны - члены Саюза пісьменнікаў Расіі. Публікацыяй "Сымона-музыкі" займалася пецярбургскае выдавецтва - кніга неўзабаве з'явіцца на паліцах магазінаў Расіі і Беларусі.

Прэзентацыя рускамоўнага выдання - адно з некалькіх дзясяткаў мерапрыемстваў Міжнароднай кніжнай выставы, якая вось ужо 25-ы раз праходзіць у Мінску. Галоўнай пляцоўкай свята друкаванага слова па традыцыі стаў выставачны комплекс "БелЭкспа". Там сёння прайшла прэзентацыя кніг паэтаў Кітая. Таксама было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж пекінскім і мінскім выдавецтвамі.