У Купалаўскім тэатры прэм'ера. Даюць Адама Міцкевіча Пан Тадэуш. Праца над спектаклем ішла каля паўгода.
Ці ўдалося заваяваць гледача несмяротнай эпапеяй беларускага класіка - рэпартаж Ларысы Гулякевіч.
Адказнасць вялікая. Класіка, гісторыя, зборныя вобразы герояў паэмы. Адукацыйна-асветніцкі праект Пан Тадэвуш. Такі вялікі твор Адама Міцкевіча ўпершыню ставіцца на беларускай сцэне. Арыгінальны твор змяшчае 400 старонак, а тэатральная версія Сяргея Кавалёва умясцілась у 60.
Амаль уся мужчынская палова трупы задзейнічана ў спектаклі. Аднак ёсць тут і інтрыгі, і каханне, і гістарычная тэма. Жаночыя ролі толькі дзве, але якія.
Пераўтварыць паэму на дзесяць тысяч радкоў у тэатральную дзею рэжысёру дапамаглі мастак-пастаноўшчык Зіновій Марголін, мастак па касцюмах Алена Ігруша і кампазітар Андрэй Зубрыч.
Мова арыгінала - польская. За аснову сцэнічнага эпасу ўзялі хрэстаматыйны пераклад на беларускую мову Язэпа Семяжонка. Інсцэніраваў паэму беларускі драматург Сяргей Кавалёў.
Паэма была напісана Адамам Міцкевічам ў эміграцыі ў Парыжы. У творы апісваюцца падзеі, якія адбываліся на Навагрудчыне на пачатку 19 стагоддзя.
Відэапраекцыя ў афармленні спектакля дадае падзейны характар. Тут выкарыстоўваюцца фрагменты з нямога фільма 1928 года, знятага Рычардам Ардынскім, сучаснага фільма 1999 года польскага рэжысёра Анджэя Вайды Пан Тадэвуш, а таксама гравюры Напалеона Орды з навагрудскім краявідам.














