Доўгачаканая прэм'ера. П'еса Чэхава "Дзядзька Ваня" ў Тэатры-студыі кінаакцёра

29 июля 2021

Доўгачаканая прэм'ера ў Тэатры-студыі кінаакцёра. П'еса Чэхава "Дзядзька Ваня" - падарунак прыхільнікам тэатра і літаратурнай спадчыны таленавітага класіка. Як акцёры ўжываліся ў ролі і якая музыка суправаджае спектакль? У чароўны свет закулісся трапіла Ларыса Гулякевіч.

Чэхаўскія п'есы маюць сваю асаблівую літаратурную атмасферу. Яго творы больш за стагоддзе ставяцца ва ўсім свеце. І кожны тэатр марыць па-свойму прачытаць Чэхава. Часам - эксперыментальна. Аднак менавіта класічныя пастаноўкі маюць безумоўны поспех.

Дробязі мізансцэн і эмацыянальнасць падачы рэплік абмяркоўваюць за кулісамі два дзядзькі Вані і Астроў. Прэм'еру заўсёды рыхтуюць парныя саставы артыстаў - дзве каманды. Аніякай канкурэнцыі. Для кожнага галоўнае  - трапіць у Чэхава. 

Для актрысы Анжэлы Караблёвай  гэта другі вопыт дакранання да чэхаўскіх твораў. У мінулым - роля Ірыны ў п'есе "Тры сястры". Зараз узроставая Вайніцкай Марыі Васільеўны - маці дзядзькі Вані - камічная і трагічная адначасова. 

Заслужаны артыст Аляксандр Кашпераў з асаблівым пачуццём павагі ставіцца да літаратурнага матэрыялу пазамінулага стагоддзя і да трапнага чэхаўскага слова. 

П'еса "Лешы", пазней перайменаваная ў "Дзядзьку Ваню", была канчаткова завершана аўтарам напрыканцы 19-га стагоддзя. Але і сёння застаецца актуальнай. Вытанчанасць  і супярэчлівасць чалавечай душы па-за часам. Сыграць псіхалагічную ролю чэхаўскага героя  Івана Вайніцкага, бадай, мара кожнага драматычнага артыста.

Музычнае афармленне спектакля - яшчэ адно трпленне ў чэхаўскую эпоху і стылістыку. Арыгінальнымі музычнымі творамі беларускі кампазітар Леанід Шырын расфарбаваў "сцэны вясковага жыцця ў чатырох дзеях".

"Дзядзька Ваня"  - адзін з самых вядомых і вялікіх твораў сусветнага тэатральнага рэпертуару. Рэжысёр спектакля Аляксандр Яфрэмаў лічыць, што мець такі чэхаўскі скарб у афішы тэатра - вялікая адказнасць. 

З таго часу як Тэатр-студыя кінаакцёра пераехаў ў адноўлены будынак на Машэрава, 33, рэпертуар узбагацілі ўжо чатыры прэм'еры: "Фальшывая нота", "Жанчыны без межаў", "Мышалоўка" і цяпер  "Дзядзька Ваня". Знакавая п'еса ў знакавы для мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава год. Сёлета яму 70.