Прэм'ера ад галоўнага медыяхолдынга краіны! На "Беларусь 3" сёння ў эфіры - мастацка-публіцыстычны фільм "Скарына. Дзеля Бога і людзей". У дакументальнай стужцы аб'ядналі архіўныя звесткі, развагі гісторыкаў і рэканструкцыі.
Расказвае Вольга Мядзведзь. Сярэднявечча. Чатыры серыі па дваццаць шэсць хвілін, у якіх усе асноўныя этапы жыцця першадрукара. Сучасны экран плошчай 200 квадратных метраў і прафесійнае абсталяванне легендарнай шасцісоткі галоўнага медыяхолдынга краіны даюць магчымасць узнавіць любое стагоддзе.
Тэлефільм не стане пераказам біяграфіі Скарыны. У кожнай новай серыі сцэнарысты і гісторыкі разбіраюць асобныя факты з жыцця асветніка. Белыя плямы, якія за стагоддзі засталіся недагаворанымі. Такім чынам, пастановачныя сцэны - гэта варыяцыі на тэму таго, як у той ці іншай сітуацыі маглі развівацца падзеі. Магчыма, такія моманты ў скарынаўскія часы наогул не адбываліся.
Шчыльны графік прамых эфіраў і запісаў у шасцісотцы не дазволіў працаваць днём. Дакументальную тэтралогію здымалі ўначы. Праваднік паміж эпохай і гледачом - вядучы, ролю якога выканаў Старшыня Белтэлерадыёкампаніі. У гістарычным цыкле ён не проста назіральнік з боку, але і герой у пастановачных сцэнах.
Для захавання эпохі мастакі перапрацавалі сотні літаратурных і мастацкіх дакументаў. У выніку ў фільме і томікі Скарыны, і друкарскі станок, і адпаведныя касцюмы, нават неабходны грым і штучныя накладкі. У кожнай серыі можна заўважыць абагульняльныя элементы бутафорыі як сімвалы бясконцасці. Напрыклад, пясочны гадзіннік першадрукара і кола. Спецыяльна для новага дакументальнага праекта напісалі саўндтрэк у стылі эпохі Адраджэння.
У экранізаваных сярэднявечных скарынаўскіх падзеях задзейнічаны акцёры сталічных тэатраў. Тут як маладыя выканаўцы, так і заслужаныя, народныя артысты. Для масоўкі запрасілі студэнтаў Акадэміі мастацтваў.













