Прэм'ера на сцэне музычнага тэатра

5 апреля 2016

Упершыню ў Беларусі паказалі сваю інтэрпрэтацыю знакамітай аперэты венгерскага кампазітара Пала Абрахама. Аперэта з нечаканай сцэнаграфіяй, пышнымі дэкарацыямі і прыгожымі касцюмамі пераносіць гледача ў атмасферу еўрапейскага кінафестывалю.

На "Балі ў Савоі" пабывала Вольга Мядзведзь. Кінафестываль, які папоўніць рэпертуар музычнага тэатра. Прэм'ерная аперэта на два дзеянні перанясе гледача ў Ніцу, дзе на баль у гатэлі "Савой" і ўрачыстае ўзнагароджанне кінастужак збярэцца ўвесь бамонд.

Акцёры, рэжысёры, сцэнарысты і музыканты прыехалі па "Ізумруднае сэрца амура" - галоўную ўзнагароду фестывалю. Шык 30-х падкрэслены ў кацюмах герояў, якіх у спектаклі больш за паўсотні. Таксама на чырвоную дарожку выходзіць і запрошаная зорка, у ролі якой народная артыстка Беларусі Наталля Гайда.

Тэхнічна складаны спектакль сабралі за 8 тыдняў. Усе танцавальныя па, якія практычна не спыняюцца ўсё дзейства, - задумка Наталлі Масквічовай, харэографа-пастаноўшчыка з Екацярынбурга. Вывучэннем той эпохі і падрыхтоўкай музычнага матэрыялу артысты займаліся самі праз нямое кіно, брадвейскія мюзіклы і галівудскія шэдэўры.

Лацінаамерыканскія матывы, модны ў 30-я пасадобль, аргенцінскае танга і для кантрасту венскі вальс. Спалучэнне такіх розных матываў у адной аперэце не выпадковае. Музычны рад падкрэслівае нестабільнасць сюжэта - рознапланавыя адносіны галоўных герояў.

Пал Абрахам стварыў аперэту ў 1932 годзе. На змену класіцы - нямку кіно і аперэце - прыйшлі гукавы фільм і мюзікл. "Баль у Савоі" - сінтэз і таго, і другога, які быў наватарствам у тыя часы. Першая пастаноўка - і адразу на вядучых сцэнах Берліна і Лондана, пасля чаго большасць тэатраў Еўропы ўзяліся за сваю трактоўку твора.

Лібрэта венгерскага аўтара адрозніваецца ад рускай версіі. У арыгінале сюжэт аперэты адпавядае твору Штрауса "Лятучая мыш", толькі на манеру эпохі 30-х. На сцэне музычнага тэатра ўвасобілі рускамоўную версію, каб не пераклікацца з аперэтай, якая ўжо ёсць у рэпертуары.