Прэм'ера музычнай казкі для дзяцей у Белдзяржфілармоніі

10 февраля 2020
Сусветная прэм'ера беларускага музычнага твора паводле казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена "Гадкае качаня" адбылася ў Белдзяржфілармоніі. Дзяржаўны камерны аркестр з хорам і чытальнікам.

Як ствараўся новы фармат музычнага жанру для дзяцей -  назірала Ларыса Гулякевіч.

Тут нараджаецца прэм'ера. Казка Ганса Хрысціяна Андэрсена на музыку беларускага кампазітара. Музычны твор  для дзяцей з камерным аркестрам. Будзе і хор, і артыст, які прачытае казку па-новаму.

Такая музычная з'ява (інакш не назавеш) - вынік даўняй мары дырыжора і музыканта Яўгена Бушкова. 

Дзяржаўны камерны аркестр не першы раз супрацоўнічае з кампазітарамі. У творчай скарбонцы калектыву  твор у старажытным стылі "Страдывары" на музыку Галіны Гарэлавай, а таксама казка для дарослых на музыку Канстанціна Яськова. На гэты раз Яўген Бушкоў звярнуўся да маладога кампазітара, які нядаўна атрымаў дыплом Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Любові Кунейкі.

Музычны твор на неўміручую казку Андэрсена "Гадкае качаня" - нешта новае і нестандартнае для дзіцячай аўдыторыі. Новы музычны жанр.

Дырыжор і вядучы Яўген Бушкоў вядомы тым, што на яго канцэртах "Класіка - гэта класна!" пануе свабодная атмасфера. Ён дазваляе дзецям хадзіць па зале, прыдумляе гульні, каб юныя аматары не засумавалі пад класічную музыку - выхоўвае новае пакаленне. Прэм'ера казкі для маленькіх слухачоў, а таксама іх бацькоў  плануецца не толькі на сцэне Белдзяржфілармоніі, але і за межамі краіны.