Прэм'ера кліпа на песню "Куточак Беларусi" - у панядзелак у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!"

7 октября 2018

І напрыканцы ўспомнім: 2018-ы ў нашай краіне праходзіць пад знакам Года малой радзімы. Гэтая тэма блізкая і зразумелая кожнаму беларусу. Ва ўсіх нас ёсць месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі, дзе зрабілі першыя крокі ў дарослае жыццё. Словам, месца, куды хочацца вяртацца заўсёды. Тэма малой радзімы натхніла шмат творчых людзей - пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і нават касманаўтаў! Усе бачылі падарунак Аляксея Лявонава - першага чалавека, які пабываў у адкрытым космасе, Прэзідэнту нашай краіны - карціну з родным краявідам.

Не засталіся ўбаку і нашы музыканты, у якіх тэма малой радзімы льецца песняй з самай душы. Кампазіцый напісана нямала, але толькі ў Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка - цэлы цыкл песень, прысвечаных малой радзіме. Самая яркая з іх, бадай, "Куточак Беларусі" ў выкананні Алёны Ланской. Яна ўпершыню прагучала на публіцы летам у Александрыі, якая традыцыйна кожны год збірае сяброў.

Заўтра гледачоў "Беларусь1" чакае прэм'ера - кліп на песню "Куточак Беларусi" ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". А напярэдадні прэм'еры тэлевядучая Святлана Бароўская адправілася са здымачнай групай у аграгарадок Александрыя Магілёўскай вобласці, якая стала малой радзімай і для гэтай кампазіцыі.

Тут да нашых калегаў далучыліся аўтар музыкі і слоў Юлія Быкава і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская. Пра тое, як ствараліся песня і кліп, як напісаць кампазіцыю, якая не пакіне абыякавым у кожным "Куточку Беларусi", артысткі распавядуць заўтра раніцай у эксклюзіўным інтэрв'ю ў эфіры "Добрай ранiцы, Беларусь!".

Такім чынам, прэм'ера кліпа на песню "Куточак Беларусі" - у панядзелак, у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". Не прапусціце!