Святкаванне Наўруза ў Мінску праходзіла з усім каларытам і беларускай адметнасцю

22 марта 2018

У Мінску адзначылі старажытнае свята, што сімвалізуе заканчэнне зімы і пачатак новага дня, - Наўруз. У 2009-м яно было ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Святкаванне Наўруза ў Мінску было арганізавана пасольствам Таджыкістана і праходзіла з усім каларытам і беларускай адметнасцю. Адкрылася праграма вершам "Вясна" Якуба Коласа.

Дарэчы, адносіны паміж Мінскам і Душанбэ развіваюцца пазітыўна і грунтуюцца на палітычных, эканамічных, навукова-тэхнічных сувязях, адзначыў пасол Таджыкістана ў нашай краіне Махмадшарыф Хакдод. Беларусь імпартуе з цэнтральнаазіяцкай краіны бавоўну і садавіну, экспартуе бытавую і сельгастэхніку, розную сыравіну.

Махмадшарыф Хакдод, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Таджыкістана ў Беларусі: "Мы зацікаўленыя ў стварэнні СП па вытворчасці трактароў у Таджыкістане, СП па вытворчасці малака і мяса. Мы зацікаўленыя ў экспарце прадукцыі сельскай гаспадаркі з Рэспублікі Беларусь".

Паміж Мінскам і Душанбэ наладжаны таксама цесныя гуманітарныя сувязі. У маі ў Таджыкістане пройдуць Дні культуры Беларусі. Пастаянна расце і колькасць таджыкскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў нашай краіне.