Свята Івана Купалы адзначылі беларусы

7 июля 2014

Некалькі гадзін таму надосвітку завяршылася купальская ноч. Па-асабліваму сёлета яе правялі ля сцен Лідскага замка. На адзін вечар, хай і не цалкам у аўтэнтычным выглядзе, тут паказалі гасцям свята атмасферу самабытнай Беларусі.


У пошуках чароўнай кветкі ўдзельнічаў і наш карэспандэнт Дзмітрый Смірноў. Як і амаль усе старажытныя святы, Купалле нашы продкі таксама прысвячалі сонцу. Паводле календара, сонейка ў гэты дзень паварочвала на зіму. І без легенд і хатніх замоў гэтае свята таксама не абыходзілася.


Купалле, як адзначаюць нават самі даследчыкі, адно з самых насычаных чараўніцтвам і легендамі святаў. Пад сценамі Лідскага замка, хоць і з вялікай доляй сучаснасці, гледачы маглі бачыць атрыбуты Івана Купалы: сустрэць цалкам сімпатычнага нячысціка або пусціць вянкі разам з русалкамі.


І ўсё ж самы галоўны сімвал гэтай ночы - папараць-кветка. Таму, хто яе сарваў, легенды абяцаюць багацце, здольнасць разумець мову птушак і жывёл і выкананне жаданняў.


Мабыць, другая па значнасці традыцыя купальскай ночы пасля папараць-кветкі - гэта купальскае вогнішча. Паводле традыцыі, кожны чалавек у купальскую ноч павінен хоць бы раз пераскочыць праз яго.


У даўнія часы лічылі, што яго полымя збаўляе ад благіх думак і хваробаў. Сёння гэта проста весела.


Купальская ноч, і паводле старадаўніх беларускіх легенд, і нават згодна з навуковымі даследаваннямі этнографаў, час чароўны. Прычым у літаральным сэнсе. Траўніцы або, як у казках, ведзьмы выбіраюць менавіта гэтую ноч для збору зёлак.


Цікавая дэталь сучаснага Купалля: лідскія этнографы, якія правялі не адзін дзень у архівах, сцвярджаюць, што Купальская ноч у заходнім рэгіёне Беларусі практычна не святкавалася. І не была гэтак папулярнай, як прынята думаць. Аднак дакрануцца да ўласнай гісторыі і нават паўдзельнічаць у ёй - карысны вопыт. І, падобна, такое вяртанне да беларускіх каранёў у стагоддзе смартфонаў і сацыяльных сетак прыйшлося даспадобы многім.