Праваслаўны свет адзначае Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

5 июня 2019

Першая беларуская жанчына-святая, прападобная ў зямным жыцці была не проста манашкай, якая прыняла пастрыг у 12 гадоў, вялікай малітвенніцай, але і асветніцай. Яна будавала храмы. Сцены закладзенага ёю манастыра распісвалі лепшыя майстры, а Спаскі храм, які захаваўся да нашых дзён, стаў вяршыняй архітэктурнай думкі Полацкай зямлі 12 стагоддзя. Сёстры перапісвалі кнігі, манастыр стаў цэнтрам асветы. Еўфрасіння Полацкая лічыцца нябеснай заступніцай Беларусі, яе аднолькава шануюць і праваслаўныя, і католікі, менавіта таму ў Дзень памяці святой у Полацку традыцыйна шматлюдна.

У гэты дзень малітва ля мошчаў Ефрасінні Полацкай пачынаецца з першымі промнямі сонца. Сам прыстанак урачыста прыгожы: ля ног вернікаў дываны з жывых кветак, выкладзеныя працавітымі рукамі насельніц. Сёння ў манастыры больш як  сто сясцёр. І тысячы вернікаў, што прыйшлі падзяліць радасць святочнага дня.

Хрэсны ход па вуліцах Полацка - жывая рака, у якую сцякаюцца вернікі з усіх храмаў раёна. Пад званы вернікі адпраўляюцца ад Сафійскага сабора - месца, дзе пачаўся духоўны шлях прападобнай. Князёўна, яна магла стаць жонкай кіраўніка, але выбрала малітоўны подзвіг, таемна прыняла пастрыг і спачатку жыла ў келлі Сафійскага сабора. Час змяніў яго архітэктуру і прызначэнне: сёння сабор - гэта музей і канцэртная зала, але адзін раз за год - у Дзень памяці прападобнай - тут праходзіць богаслужэнне.

Яшчэ адна традыцыя – хрэсны ход у манастыры сустракаюць крыжом Ефрасінні. Гэта дакладная копія згубленай у гады вайны рэліквіі. Амаль тысячагоддзе раздзяляе нас з прападобнай, але вынік яе прац мы адчуваем і сёння. 

Сціплая царква, але ў 12 стагоддзі вяршыня архітэктурнай думкі - Спаскі храм, пабудаваны пры жыцці прападобнай, і сёння адчынены для вернікаў. У ім - вобразы, перад якімі малілася прападобная. Чвэрць стагоддзя рэстаўратары міліметр за міліметрам адкрываюць фрэскі 12 стагоддзя, утоеныя пад сценапісам пазнейшых стагоддзяў.

Гэта месца кожны год падносіць навукоўцам новыя адкрыцці. У 2015 годзе з зямлі дасталі актавую пячаць Ефрасінні Полацкай, а летась ля сцен Спаскага храма адкрылі падземны храм-пахавальню. Інакш, як цудам і пацвярджэннем любві і аховы прападобрнай палачане гэта не называюць.

Сёлета археолагі працягнуць пошукі. Да навукоўцаў Полацкага дзяржуніверсітэта, расійскага Дзяржаўнага Эрмітажа далучацца гісторыкі Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова.