"Пазнаваючы белы свет" - дэвіз юбілейнага форуму "Лістапад"

17 сентября 2018

Новы "Лістапад" - новы вобраз. "Пазнаваючы белы свет" - дэвіз юбілейнага форуму. Мінскі міжнародны кінафестываль ужо 25 гадоў на экранах сталіцы! Слоган кінатыдня - гэта назва аднаго з фільмаў Кіры Муратавай, і ён - прысвячэнне рэжысёру. Муратава з'яўлялася сталым госцем "Лістапада" і сваю апошнюю работу прадстаўляла таксама ў рамках Мінскага кінафестывалю. У аснове візуальнага афармлення, якое сёння зацвердзіла Міністэрства культуры, афішы культавых фільмаў з гісторыі міжнароднага форуму.

Ігар Сукманаў, праграмны дырэктар XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад": "Пазнаваць белы свет будзем, паколькі гэта юбілейны "Лістапад", у нас будзе такі візуал, які ў нейкай ступені дазваляе нам разрываць вось гэтыя пласты культурныя за 25 гадоў, для таго каб прабівацца да новага фестывалю. І таму гэта будзе такі візуал, звязаны з мноствам старых афіш, праз якія вось мы будзем адкрываць новы сусвет, пакуль яшчэ белы свет, у выглядзе новай гістарычнай вяхі - 25 гадоў".

XXV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 2 па 9 лістапада на пяці ўжо традыцыйных пляцоўках - гэта кінатэатры "Масква", "Цэнтральны", "Мір", "Піянер" і "Беларусь". Зараз ідзе прагляд прэтэндэнтаў на ўдзел, фестываль як ніколі папулярны - пададзены сотні заявак. Канчатковую праграму фільмаў аб'явяць у кастрычніку.