Апошняя падрыхтоўка да дзіцячага "Еўрабачання-2018". Мінск у чаканні першых дэлегацый

16 ноября 2018

У Мінску ідзе апошняя падрыхтоўка да дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Ужо заўтра пачнуць прыязджаць замежныя дэлегацыі. Пра іх камфорт усе гарадскія і рэспубліканскія службы паклапаціліся загадзя. А таксама праверылі гатоўнасць "Мінск-Арэны" на планавай сустрэчы аргкамітэта конкурсу. Гэтыя людзі і падведамасныя ім структуры курыруюць усе пытанні, звязаныя з правядзеннем міжнароднага песеннага форуму - ад транспарту да ўпрыгажэння галоўнай пляцоўкі. Госці азнаёміліся з тэхнічнай камандай тэлешоу, а таксама ацанілі інфраструктуру: сцэнічную пляцоўку, зону для дэлегацый, прэс-цэнтр.

Убачыць дзіцячае "Еўрабачанне" можна будзе не толькі з залы і па тэлевізары, але і катаючыся на каньках. Дадатковую фан-зону адкрыюць побач з галоўнай пляцоўкай конкурсу. 24 і 25 лістапада можна будзе назіраць за генпрагонам на канькабежнай дарожцы. Трансляцыю запусцяць на экраны падчас сеансаў масавага катання.

Усе апошнія навіны з "Мінск-Арэны" - у дзённіках Агенцтва тэленавін на "Беларусь 1" і "Беларусь 24".