Пасля рэканструкцыі адкрыўся новы корпус першай харэаграфічнай школы

17 января 2017

Пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыўся новы корпус першай харэаграфічнай школы Мінска. Зараз там праходзяць заняткі па класічных, гісторыка-бытавых і бальных танцах. Выпускнікі школы выступаюць на ўсіх тэатральных сцэнах Беларусі і становяцца знакамітымі харэографамі. Надзея Сербіненка наведала адноўленую школу.

Дзесяцікласніцы Валерыя і Вікторыя – танцавальныя прымы ў сваёй школе. Ім давяраюць самыя складаныя танцы з класічнай харэаграфіяй. Дзяўчаты не аднойчы паднімаліся і на вялікую сцэну Дзяржаўнага музтэатра. У марах стаць прафесійнымі артысткамі.

 Гісторыя першай харэаграфічнай школы пачалася 36 гадоў таму. Сярод выпускнікоў - 500 педагогаў рытмікі, сучасных напрамкаў і, безумоўна,  прафесійных харэографаў.  5 гадоў таму пачалася рэканструкцыя першага, самага старога корпуса школы.

Пасля рэканструкцыі ў харшколе з'явілася 8 новых залаў. Зараз мы знаходзімся ў зале народнага танца. Тут галоўнае – гэта падлога. Яна зроблена з бярозавай дошкі – гэта неад'емная частка вывучэння менавіта гэтай харэаграфічнай дысцыпліны.

У рэканструяваным будынку, акрамя класаў класічнага, гісторыка-бытавога, сучаснага танца, з'явілася і уласная канцэртная зала на 110 месцаў. Школа павінна стаць зручнай пляцоўкай для пошуку талентаў не толькі са сталіцы.

Зараз у школе вучацца 230 дзяцей. Дзякуючы аднаўленню ў наступным навучальным годзе школа прыме ўжо 300 вучняў. Таму зараз пачынаецца адбор таленавітых дзяцей. Навучанне праходзіць пасля асноўных заняткаў у школе, некалькі разоў на тыдзень.

У аснове праграмы -  беларускія народныя музыка і танец.