Полацк трэці раз прымае Дні беларускага пісьменства

2 сентября 2017

Полацк вось ужо трэці раз прымае Дні беларускага пісьменства. Гэтым вечарам адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця свята роднага слова, хоць урачыстасці разгарнуліся яшчэ ўчора. Праграма насычаная. Сярод сотняў мерапрыемстваў - выставы, круглыя сталы, прэзентацыі, канферэнцыі, канцэрты, літаратурныя чытанні. Уцешна, што Дні беларускага пісьменства супалі з юбілеем горада. Гэтымі хвілінамі праходзіць урачыстае адкрыццё свята. Там працуе наша здымачная група. На сувязі - карэспандэнт Іна Пілевіч (прамое ўключэнне).

У гэтыя хвіліны ў цэнтры Полацка ў 21 стагоддзі мы можам павітаць саму Рагнеду і зазірнуць у вочы Усяславу Чарадзею, які кіраваў Полацкам амаль 6 дзесяцігоддзяў. Справа ў тым, што літаральна некалькі момантаў таму завяршылася ўрачыстае касцюміраванае шэсце.

У ім прынялІ удзел 1155 - а менавіта столькі спаўняецца Полацку - сучаснікаў. Яны пераапранутыя ў персанажаў мінулых стагоддзяў - купцоў, пекараў, мукамолаў, друкароў, хлебаробаў. Тут і княжацкая дружына 12 стагоддзя. Усяго амаль 350 вобразаў. Урачыстае шэсце пачалося на вуліцы Юбілейнай і завершыцца на плошчы Свабоды, дзе зараз разгарнуўся святочны канцэрт. І я прашу рэжысёраў паказаць некалькі кадраў працэсіі, а таксама інтэрв'ю яе ўдзельнікаў.

Афіцыйна Полацку 1155, але, згодна з апошнімі даследаваннямі, горад значна старэйшы. Тут былі адкрытыя першыя на нашых тэрыторыях бібліятэка і вышэйшая навучальная ўстанова. Таксама менавіта гэтыя землі лічацца калыскай беларускай дзяржаўнасці. І сёння ў 18 гадзін ля Сафійскага сабора адбудзецца адкрыццё тэматычнага памятнага знака. Аўтарам фігуры выступіў знакаміты архітэктар Армен Сардараў. Праграма свята сапраўды насычаная. З раніцы працуюць шматлікія выставы, праходзіць фестываль кнігі і прэсы.

А ў гэтыя хвіліны ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачынаецца міжнародны круглы стол. У ім прымаюць удзел як айчынныя, так і замежныя літаратары. Аўтары абмяркоўваюць дыпламатыю слова, грунтуючыся на спадчыне Францыска Скарыны. Сімвалічна, што Полацк з'яўляецца радзімай усходнеславянскага першадрукара, і сёлета наша краіна адзначае 500-годдзе з моманту публікацыі Скарынам Бібліі.