Полацк на наступным тыдні прыме Дзень беларускага пісьменства

26 августа 2017

На наступным тыдні ўвагу на сябе прыцягне старажытны Полацк. Горад прыме нацыянальнае свята - Дзень беларускага пісьменства. Урачыстыя мерапрыемствы галоўнай літаратурнай падзеі пачнуцца 1 верасня. Праграма свята разлічаная на 3 дні. Чакаецца вялікая колькасць гасцей з розных краін, у тым ліку пісьменнікі, артысты, афіцыйныя дэлегацыі. Як Полацк падрыхтаваўся і змяніўся да вялікага свята - убачыла Марына Раманоўская.

Купцы, сяляне і нават князі. Персанажы мінулых стагоддзяў ажываюць на вуліцах старажытнага Полацка. Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства створана больш за сто вобразаў. Над касцюмамі і аксесуарамі працавалі вучні і настаўнікі мясцовых школ і гімназій.

Культурная праграма нацыянальнага свята разлічана на тры дні. Пачнуцца мерапрыемствы 1 верасня. Пісьменнікі, артысты, афіцыйныя дэлегацыі - літаратурнае свята аб’яднае вялікую колькасць гасцей з розных краін свету. Аб самых цікавых момантах Дня беларускага пісьменства раскажуць больш за 100 акрэдытаваных журналістаў.

Значна змяніўся да свята і сам Полацк. Рамонт, мадэрнізацыя і рэканструкцыя. У райцэнтры абнавілі больш за 300 аб’ектаў. Застаецца навесці апошні глянец.

Дзень беларускага пісьменства старажытны Полацк будзе прымаць трэці раз. Сімвалічна, што свята пройдзе менавіта на радзіме Францыска Скарыны ў год, калі краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. А самому Полацку спаўняецца 1155.

Адноўленымі госці Дня беларускага пісьменства ўбачаць краязнаўчы музей, мастацкую галерэю, Сафійскі сабор. Зараз тут завяршаюцца фасадныя работы. Будаўнікі працуюць на вышыні 50 метраў. І менавіта тут, на беразе Заходняй Дзвіны, з’явіўся новы памятны знак “Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці”.

Скульптар Уладзімір Піпін кантралюе працэс мантажу. Кампазіцыя важыць 8 тон, яе вышыня больш за 5 метраў. І як прызнаецца аўтар, праца над памятным знакам аказалася складанай. І самае галоўнае - вельмі адказнай.

Нацыянальнае свята традыцыйна праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі літаратурнымі цэнтрамі. У наступным годзе сталіцай стане Іванава Брэсцкай вобласці. Урачыстую эстафету старажытны Полацк перадасць гораду ў апошні дзень святкавання Дня беларускага пісьменства.